Пазычыў грошай? Арышт
- 5.09.2011, 12:38
У Гомелі пераапранутыя ў цывільнае супрацоўнікі аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі затрымалі грамадскага актывіста Васіля Такарэнку.
«На ганку гасцініцы «Гомель» мой добры знаёмы пазычыў мне ўчора 250 тысяч рублёў. Я не паспеў яшчэ пакласці грошы ў кішэню, як падскочылі двое ў цывільным і забралі мяне ў апорны пункт міліцыі, а затым адвезлі ў 2-е аддзяленне на вуліцу Фадзеева. Пазычаныя грошы ў мяне забралі. Добра, што яшчэ пакінулі 1000 на праезд, а то і дадому не было б за што дабрацца», - распавёў Такарэнка «Радыё Свабода».
На Такарэнку склалі адміністрацыйны пратакол за парушэнне правілаў правядзення валютных аперацый. Прычым склалі на беларускай мове, як і патрабаваў затрыманы.
Васілю Такарэнку пагражае штраф да дзесяці з паловай мільёнаў рублёў ці адміністрацыйны арышт.