Газпрам пачынае запаўняць «Паўночную плынь»
- 6.09.2011, 9:42
Запаўненне газам першай ніткі газаправода «Паўночнай плыні» пачнецца ў аўторак.
Напярэдадні на міжрэгіянальнай канферэнцыі «Единой России» ў Чарапаўцы прэм'ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін нагадаў, што будаўніцтва першай ніткі газаправода ўжо цалкам скончанае, паведамляе «Інтэрфакс-Захад».
«Заўтра пад Выбаргам пачнем пускаць тэхналагічны газ», - сказаў ён.
Затым на працягу месяца газаправод будзе гатовы да паставак газу еўрапейскім спажыўцам - гэта адбудзецца ў канцы кастрычніка - лістападзе, паведаміў прэм'ер.
Газаправод «Паўночная плынь» працягласцю 1224 км напрамую злучыць Расею і Еўразвяз праз Балтыйскае мора. На сёння яго праект уключае ў сябе дзве ніткі па 27,5 млрд кубаметраў - усяго 55 млрд кубаметраў у год. Аднак расейскае кіраўніцтва не выключала верагоднасці пракладкі наступных нітак магістралі.
Магістраль прызначаная для транспарціроўкі не толькі новых кантрактных аб'ёмаў газу, але і пераносу плыняў з ужо дзеючых маршрутаў. Пастаўкі газу ў Чэхію і Славакію паэтапна будуць пераводзіцца на маршрут «Паўночная плынь» - OPAL праз Германію замест украінскага транзіту.
Саўладальнікі праектнай кампаніі Nord Stream AG - ААТ «Газпром» (РТС: GAZP) (51%), BASF SE / Wintershall Holding GmbH і E. ON Ruhrgas AG (па 15,5%), галандская NV Nederlandse Gasunie і французская GDF Suez SA (Па 9%).