BE RU EN

Ірына Халіп паехала ў наваполацкую калонію

  • 7.09.2011, 10:23

Ірына Халіп паехала 7 верасня ў наваполацкую калонію (Віцебская вобласць) на доўгатэрміновае спатканне з мужам, кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым.

Халіп сама з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года. Журналістка прысуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. «Таму супрацоўнікі міліцыі, якія ажыццяўляюць нагляд за мной, павінныя выдаць мне маршрутны аркуш, прыкладна такі, які выдаюць кіроўцам-дальнабойнікам. І я павінная яго адзначаць», - сказала яна БелаПАН.

«Маршрутны аркуш уяўляе сабой прыкладна аркуш камандзіровачнага ў савецкія часы: у ім паказаная дата асуджэння, тэрмін пакарання, орган, які выдаў гэты аркуш. У калоніі я павінная зрабіць адзнакі ў адміністрацыі: калі прыбыла, калі паехала. Па вяртанні - здаць у міліцыю», - патлумачыла Халіп.

Яна разлічвае пагаварыць з мужам не «праз шкло», а асабіста. «Я раскажу яму пра тое, што адбывалася ў апошні час, і маю намер пачуць пра тое, што адбывалася з ім у зняволенні», - адзначыла Халіп.

Яна не стала браць з сабой на спатканне сына Данілу. «Гэта было б бесчалавечна - замыкаць маленькага хлопчыка ў маленькім пакойчыку ў чатырох сценах на двое сутак. Калі ў калоніі ў Віцебску, напрыклад, дзе знаходзіцца Аляксандр Атрошчанкаў (прэс-сакратар Саннікава ў час выбараў, прысуджаны да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. - БелаПАН.), ёсць ўнутраныя прагулачныя дворыкі, куды можна вывесці дзіця пагуляць, то ў калоніі ў Наваполацку такой магчымасці няма», - сказала Халіп.

Жонка вязе Саннікаву ягоныя любімыя стравы. «Я не ведаю, як ён усё гэта з'есць, але яму прыйдзецца. Плоў, катлеты, адбіўныя, гуляш. Пірагі ад ягонай маці Алы Уладзіміраўны. І яшчэ вельмі шмат усялякіх прысмакаў», - сказала Халіп.

Яна спадзяецца, што спатканне пройдзе без складанасцяў. Пакінуць калонію ў Наваполацку яна павінная 9 верасня.

14 мая суд Партызанскага раёна Менска прысудзіў Саннікава да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 15 ліпеня Менскі гарадскі суд пакінуў без задавальнення касацыйную скаргу палітыка.

Апошнія навіны