БАЖ заклікаў падтрымаць журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі
- 8.09.2011, 12:16
8 верасня ў свеце адзначаюць Дзень міжнароднай салідарнасці журналістаў.
У гэты дзень грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) заклікае падтрымаць калегаў, якія знаходзяцца ў зняволенні.
«Цяпер у месцах пазбаўлення волі знаходзяцца Зміцер Бандарэнка, Павел Севярынец, Алесь Бяляцкі, Аляксандр Атрошчанкаў. Мы павінныя не проста ўспомніць, але і асабіста выказаць увагу і падтрымку тым, хто трапіў пад жорсткі ціск і пераслед у сувязі з падзеямі 19 снежня і іх наступствамі. Кожны з нас можа знайсці цёплыя словы і час на тое, каб адправіць зняволеным ліст альбо тэлеграму», - сказаў намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец.
Адрасы зняволеных журналістаў можна знайсці на афіцыйным сайце БАЖ.
Акрамя таго, па словах Бастунца, кожны журналіст можа выказаць словы падтрымкі калегам, якія былі прысуджаныя за сваю дзейнасць да пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі. «Гэта Ірына Халіп, Анджэй Пачобут, Сяргей Вазняк, Аляксандр Фядута і іншыя. Кожны можа патэлефанаваць ім і выказаць ім словы падтрымкі», - адзначыў ён.
Заклік БАЖ аб падтрымцы зняволеных журналістаў у першую чаргу тычыцца «тых, каму горш за ўсіх». «Таму мы заклікалі не толькі беларускіх журналістаў, але і нашых міжнародных партнёраў пісаць лісты, заявы, тэлеграмы ў іхнюю падтрымку. Важна, каб нашыя калегі не забываліся на тое, што мы памятаем пра іх і не спыняем барацьбу за іх вызваленне», - сказаў Бастунец.
Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў быў заснаваны ў 1958 годзе ў Бухарэсце, на 4-м кангрэсе Міжнароднай арганізацыі журналістаў. Гэты дзень заснаваны ў памяць аб чэшскім журналісце Юліюсе Фучыке. 8 верасня 1943 ён быў пакараны нацыстамі ў канцлагеры.