BE RU EN

Алег Джагер: «Дзень бяз чар тваіх» (Аудыё)

  • 9.09.2011, 16:26

Першы шоўмэн на беларускай рок-сцэне Алег «Джагер» Мінакоў, які зрабіў сабе кар’еру ў бэльгійскім шоў-бізнэсе, прадстаўляе песьню «Дзень бяз чар тваіх».

Гэта беларуская вэрсія яго чароўнага гіта «Day without Your Love», напісанага ў апошні дзень існаваньня Савецкага Саюзу. Яна зьявілася за часам гурта «Инспектор», увайшла ў рэпэртуар Rouble Zone, а цяпер Алег выконвае яе сольна на сваіх канцэртах па ўсёй Эўропе. На беларускі лад яе пераасэнсаваў Сяргей Балахонаў.

Алег Джагер палічыў прапанову паўдзельнічаць у праекце «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» надзвычай цікавай. «Ніколі дагэтуль не сьпяваў па-беларуску, таму надта закарцела паспрабаваць», — кажа сьпявак.

Алег Мінакоў нарадзіўся на Койданаўшчыне, у пасёлку Ўзда. У пяць гадоў яго бацькі перабраліся ў Барысаў. З маленства хлопец усур’ёз зацікавіўся музыкай. Алег назаўжды запомніў сваю першую кружэлку, якую ён набыў у 1976 годе. Гэта быў альбом Карляса Сантаны «Abraxas». У музычнай школе ён вывучаў клясычную гітару, але так да канца і не давучыўся, бо палічыў клясычную музыку справай сумнай, яго цягнула ў рок-н-рол. Першы гурт Мінакова зваўся В.О.З., які ўтварыўся ў 1980 годзе, калі яму было 16. Аднак, у бацькоў музыкі быў іншы пагляд на яго будучыню, таму хлопца выправілі вучыцца ў менскую вышэйшую ваенна-палітычную вучэльню. Да актыўнай музычнай дзейнасьці Мінакоў вярнуўся ў 1987 годзе, калі яго паклікалі вакалістам у гурт «Квінта». Пасьля быў гурт «Праспэкт», што працаваў пры беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Праўда, неўзабаве Алега зь філярмоніі выгналі — за празьмерную цікавасьць да ангельскамоўнай музыкі. Але бяз працы таленавіты вакаліст не застаўся. У 1990 годзе Віктар Смольскі запрасіў яго ў гурт «Инспектор», які на той час ужо практычна атабарыўся ў Нямеччыне.

Пасьля расколу каманды, Джагер вярнуўся ў Беларусь і заснаваў уласны праект Rouble Zone, які за некалькі гадоў дасягнуў велізарнай папулярнасьці. Пікавы момант быў у 1996 годзе. Тады Rouble Zone пры спрыяньні Ўладзімера Мулявіна прадставіў краіну на конкурсе на «Славянскім базары», сыграў на разагрэве Deep Purple на стадыёне «Дынама», паўдзельнічаў у фэсьце «Таўрыйскія гульні», атрымаў галоўны прыз і яшчэ дзьве перамогі ў дзьвюх намінацыях на «Рок-Каранацыі» і запісаў узорны блюз-рокавы CD «Put Your Money… Now!».

Але нечакана для ўсіх, Джагер распускае гурт і зьяжджае ў Бэльгію. Як тлумачыць музыка, яму захацелася пачаць усё з нуля, у іншых абставінах і зь іншымі людзьмі. «Ужо 14 гадоў, як я жыву ў гэтай цудоўнай краіне, — кажа Алег. — Маю тут добрую прафэсійную студыю, пішу песьні для іншых выканаўцаў, выступаю сам. І я адчуваю, што ізноў здольны скарыць вяршыню!» Музыка з сваім сольным праектам бярэ ўдзел у эўрапейскіх фэстывалях і тэлешоў, аб’езьдзіў з канцэртамі Бэльгію, Францыю, Нямеччыну, Нідэрлянды, Люксэмбург, Манака. Алег палічыў, што толькі ў Парыжы выступіў за гэты час 17 разоў. Да ўсяго ён стварае песьні для мясцовых поп-зорак, цяпер у шчыльнай супрацы з Ксаўерам Клэйтанам, аўтарам песень 2 Unlimited і Дэвіда Гуэты.

Увесь гэты час Алег падтрымліваў сувязь з блізкімі і сябрамі зь Беларусі праз кампутар і тэлефон. Толькі нядаўна ён здолеў адведаць Радзіму, каб адзначыць 15 гадоў ад часу выхаду альбома Rouble Zone і даў канцэрт у адным зь менскіх клюбаў: «Хоць я ўжо доўгі час жыву ў іншай краіне, самыя цёплыя пачуцьці ў мяне выклікае менавіта Беларусь, якая для мяне назаўжды застанецца Радзімай. Самай дарагой для мяне часткай сьвету. Я нямала зьдзівіўся ад таго, што пабачыў у Беларусі. Краіна моцна зьмянілася. І набыла індывідуальны архітэктурны стыль», — з трошкі іранічнай усьмешкай распавядае Джагер.

Для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» Алег Джагер абраў кампазыцыю «Day without Your Love», якую прадстаўляе, як «апошнюю сваю песьню, напісаную ў СССР». «Справа была за часамі гурта „Инспектор“ 18 жніўня дома ў Віці Смольскага. Тады ён найграў на гітары ўступ, а я прыдумаў на аснове гэтага рыфу мэлёдыю, і праз паўгадзіны ў нас атрымалася песьня. На раніцу, як прачнуліся, былі ў шоку, калі па тэлевізіі абвесьцілі пра путч». Цікава, што ў сольным рэпэртуары цяперашняга гітарыста гурта Rage таксама ёсьць інструмэнтальны трэк пад такой назвай, які праўда адрозьніваецца ад джагераўскага варыянту.

На беларускую мову «Дзень бяз чар тваіх» пераклаў літаратар Сяргей Балахонаў: «Працаваць было нязвыкла. З ангельскай мовы я перакладаю ня так шмат. І гэты пераклад для мяне быў рызыкоўным экспэрымэнтам, які я адужыў у два заходы. Першы варыянт перакладу быў максымальна блізкі да арыгіналу. Я не дапускаў нейкіх вольнасцяў. Аднак Джагер папрасіў прыўнесьці перакладчыцкіх свавольстваў, каб тэкст было прыемна ня толькі пець, але і чытаць».

«Мне вельмі спадабаўся тэкст перакладчыка. Мы вырашылі не рабіць літаральны пераклад, а надаць арыгінальнасьці беларускай вэрсіі, так што яе аўтарам па праву можна лічыць Сяргея Балахонава», — кажа Алег, які засьпяваў па-беларуску ўпершыню за больш чым 30-гадовую кар’еру.

У сакавіку ён ізноў сабраў музыкаў Rouble Zone, каб пачаць працу над новым альбомам каманды, які плянуецца запісаць у Брытаніі. Так што чароўны вакал Алега, нашага, Джагера, мы яшчэ пачуем неаднойчы. Цяпер і па-беларуску.

Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»

«Дзень бяз чар тваіх» бярэ ўдзел у першым СупэрТуры на «Тузіне Гітоў»

Oleg Jagger — Дзень бяз чар тваіх (музыка — Алег Мінакоў, словы — Аляксандар Брынцаў, беларускі тэкст — Сяргей Балахонаў)

Калі спаткаў цябе,

Знайшоў я рай зямны.

Зачаравала ты мяне сабой.

Зьмяніла ты мой сьвет,

Раскрыла вочы мне.

Але ўсё быццам сон,

Неспадзяваны кон,

Я палаю агнём,

І пражыць так цяжка…

Дзень бяз чар тваіх

Пражыць так цяжка…

Дзень бяз чар тваіх.

Я ня ведаў раней каханьня мацней.

Расстаньня горыч, туга па табе.

Па табе.

Туга па табе.

Я трачу розум свой.

Расстаньня горкі дым.

Радней цябе няма.

Дзівосны лёс.

Ліхая кругаверць.

Куды сябе падзець?

Калі ты зьнікнеш зноў

Безь аніякіх слоў.

На мне самоты цень,

і пражыць так цяжка

Дзень бяз чар тваіх

Пражыць так цяжка…

Дзень бяз чар тваіх.

Я ня ведаў раней каханьня мацней.

Расстаньня горыч, туга па табе.

Дзень бяз чар тваіх,

маё каханьне,

Дзень бяз чар тваіх

Палаю агнём, на сэрцы твой сьлед

Але я помню, я кахаю й чакаю цябе.

Не сыходзь

Мяне паслухай, ці спаткаемся яшчэ

Падыходзь

Каб добрым дзень стаў, як нідзе, бо цяжка цяпер

Пражыць так цяжка

Дзень бяз чар тваіх…

Фота: Tarantino, budzma.org

Апошнія навіны