Ліст ад Саннікава: Ні слова пра сябе
- 12.01.2012, 10:49
Пасля працяглага перапынку Ірына Халіп, жонка зняволенага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, нарэшце атрымала ад яго ліст.
Ліст вялікі, на дзве старонкі, кажа Ірына. Але ў ім няма ні слова ні пра самаго Саннікава, пра ягонае самаадчуванне, ні пытанняў аб сям'і - сыне, жонцы, бацьках.
«Гэта не ліст, гэта кароткая рэкамендацыя - як паліваць кветкі. На дзве старонкі. У нас некалькі кветак у гаршках і вось я атрымала рэкамендацыі - як, што і калі паліваць. Ні слова пра сябе.
Я думаю, што яму сапраўды патлумачылі, што калі ён будзе пісаць хоць што-небудзь пра сябе, пра тое, што адбываецца з ім, дык ліст ніколі адтуль не выйдзе», - паведаміла Ірына Халіп «Еўрарадыё».
Але, кажа Ірына, відавочна, што пісаў ліст Саннікаў - ягоны почырк ёй добра вядомы. І яна робіць з гэтага ліста выснову, што, па меншай меры, яе муж жывы. Ліст быў напісаны і адпраўлены 3 студзеня, але прыйшоў на адрас Ірыны толькі 11 студзеня.