Статкевіча асудзілі на тры гады турмы
- 12.01.2012, 12:08
Суд над экс-кандыдатам у прэзідэнты прайшоў сёння ў Шклоўскай калоніі.
На паседжанні разглядалі ініцыятыву адміністрацыі ўзмацніць рэжым адбыцця пакарання для экс-кандыдата ў прэзідэнты. Паводле меркавання турэмшчыкаў, Мікалай Статкевіч не стаў на шлях выпраўлення, а таму заслужыў пераводу ў больш жорсткія ўмовы - крытую турму.
Фармальнай падставай для абвінавачвання Статкевіча стала тое, што ён знаходзіўся без біркі з нумарам зняволенага на вопратцы, а таксама не ўказаў у спісе асабістых рэчаў насоўкі, паведаміла жонка палітыка.
Сапраўднай жа прычынай ўзмацнення жорсткасці пакарання стала прынцыповая пазіцыя Статкевіча, які не прызнае сябе вінаватым і не жадае звяртацца з памілаваннем на імя Лукашэнкі.
Нагадаем, што ўвесну мінулага года суд прызнаў экс-кандыдата ў прэзідэнты вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў і прысудзіў да шасці гадоў калоніі.
Як паведамляе «Радыё Свабода», Мікалай Статкевіч выглядаў на працэсе добра і да прысуду паставіўся мужна.
Ягоная жонка, Марына Адамовіч, назвала пастанову суддзі несправядлівай, але чаканай. Жанчына кажа, што на іншае і не спадзявалася. «Правасуддзе ў Беларусі ўжо даўно памерла», - сказала яна.
Разглядаў справу Шклоўскі суддзя Волкаў.