BE RU EN

Працаўніка звольнілі за пытанне на сайце Лукашэнкі

  • 13.01.2012, 11:31

Супрацоўніку рэчыцкага заводу «Тэрмапласт» не працягнулі кантракт пасля зададзенага пытання на сайце адміністрацыі Лукашэнкі.

Супрацоўнік рэчыцкага прадпрыемства «Тэрмапласт» Дзяніс Сцяпаненка скарыстаўся сваім грамадзянскім правам і праз сайт адміністрацыі Лукашэнкі задаў беларускаму кіраўніку шэраг пытанняў. Аднак гэта не спадабалася адміністрацыі прадпрыемства, кажа ён. На Сцяпаненку пачалі аказваць ціск, а пасля заявілі, што працоўны кантракт з ім падоўжаны не будзе.

Калі «Еўрарадыё» наўпрост запыталася ў дырэктара «Тэрмапласт» Рыгора Васільца, ці сталі сталі прычынай звальнення Сцяпаненкі ягоныя скаргі ў адміністрацыю Лукашэнкі, кіраўнік прадпрыемства адказаў наступнае:

«Калі б вы пагаварылі з ім, альбо пачыталі б ягоныя скаргі, вы б зразумелі, што гэта неадэкватны чалавек. Але ён мае права пісаць, няхай піша. Я на ягоныя скаргі ўвагі не звяртаю».

На гэта Дзяніс Сцяпаненка зачытаў журналістам дакладны тэкст свайго звароту Лукашэнку:

«Чаму ў мяне такі маленькі заробак? Ці законна, што працаўнікі на прадпрыемстве ўжо паўтара гады працуюць чатыры дні на тыдзень? Чаму пенсіянераў, якія прапрацавалі на прадпрыемстве 35 год, звальняюць, а тых, хто прапрацаваў менш за год і ні за што не адказваюць, трымаюць на працы?».

Таксама працаўнік у лісце паказаў, што адмовіўся прымаць удзел у прыбіранні вёсак, якія замацаваныя за «Тэрмапластам», бо там жывуць алкаголікі, якія нідзе не працуюць і самі павінныя ўсё прыбіраць. Аднак, канкрэтных адказаў на свае пытанні Дзяніс Сцяпаненка не атрымаў.

Неўзабаве працоўны адчуў ціск з боку адміністрацыі «Тэрмапласта»:

«На мяне пачалі ціснуць. Пыталіся, чаму я гэта пішу, чаму ладжу скандалы, казалі, што перашкаджаю іншым працаваць, а праз некалькі дзён мяне папярэдзілі аб тым, што са мной не будзе працягнуты кантракт у сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння. Я на гэтым папярэджанні напісаў: Не згодны».

Дырэктар прадпрыемства «Тэрмапласт» Рыгор Васілец тлумачыць звальненне супрацоўніка іншым чынам. Па ягоных словах, па-першае, кантракт са Сцяпаненкам не будзе працягнуты ў сувязі з аптымізацыяй вытворчасці і кадраў, а па-другое, Дзяніс парушальнік дысцыпліны.

Сам Дзяніс Сцяпаненка лічыць сябе сумленным працаўніком, акрамя таго, ён прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці «Тэрмапласта». Ён бяздзейнічаць не збіраецца. Ён будзе абараняць свае правы і дамагацца аднаўлення на працы. Пра тое, як ён гэта будзе адбывацца, гаворыць сам Сцяпаненка:

«Буду звяртацца ў суд з просьбай аднавіць мяне на працы. Я гатовы дайсці і да Вярхоўнага суда, а калі гэта не дапаможа, буду звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека».

На пытанне, чаму ён так трымаецца за гэтую працу, калі яго не задавальняе заробак, Сцяпаненка адказвае, што ад яе ён атрымлівае задавальненне, а знайсці такое месца ў Рэчыцы не так і проста.

Апошнія навіны