Маладафронтаўца Рамана Пратасевіча дапыталі ў КДБ
- 13.01.2012, 11:58
Рамана Пратасевіча з пагрозамі ціску на бацькоў і родных дапыталі ў КДБ.
Цяпер жа правакацыю супраць актывіста працягваюць праўладныя сайты, перадае «Радыё Рацыя».
Так на старонках выдання Natnews, у дачыненні да якога падазраюць кіраўніка прэс-службы мінскай міліцыі Аляксандра Ластоўскага, з'явіўся абразлівы для актывіста матэрыял, у якім аўтар называе маладога чалавека былым актыўным прыхільнікам ўлады Лукашэнкі.
Сам жа Раман Пратасевіч перакананы, што абодва выпадкі - складнікі кампаніі ціску і дыскрэдытацыі, разгорнутай супраць яго.
«Зайшлі ў кватэру двое нейкіх мужчын, сказалі, каб я збіраўся і што мяне арыштоўваюць, каб накіраваць у інтэрнат. Мяне вывелі з дому і пасадзілі ў машыну. Падчас паездкі прагучала ў мой адрас шмат пагроз. Прывезлі ў КДБ, дзе правялі са мной «прафілактычную гутарку». Пагражалі зняць пра мяне абразлівы сюжэт і паказаць па БТ», - кажа актывіст.
Па словах Рамана Пратасевіча, падчас затрымання супрацоўнікі КДБ настойліва раілі хлопцу спыніць грамадскую дзейнасць і падумаць аб бацьках. Гэтыя словы маладафронтавец таксама лічыць пагрозамі ў свой адрас.
Нагадаем, што на гэтым тыдні пра ціск і спробы вярбоўкі следчымі КДБ заявілі адразу шасцёра іншых маладафронтаўцаў. Усіх іх, па словах маладых людзей, следчыя схілялі даць інфармацыю адносна дзейнасці арганізацыі падчас арышту на Акрэсціна.