BE RU EN

Сакратар ЦВК: Гэтыя дэбілы пасадзілі нас пад хатні арышт

  • 18.01.2012, 13:47

Мікалай Лазавік лічыць, што заходніх назіральнікаў не варта запрашаць для назірання за «выбарамі».

Не запросяць іх да таго часу, пакуль Еўразвяз не адменіць візавыя санкцыі, у тым ліку, у дачыненні да арганізатараў мінулых, прэзідэнцкіх «выбараў».

«У мяне наогул ёсць прапанова іх не запрашаць. А калі і запрашаць, то толькі пасля таго, як яны адменяць свае штрафныя санкцыі», - заявіў сакратар беларускага ЦВК агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у сераду.

«Гэта павінна быць, напэўна, галоўнай умовай для запрашэння еўрачыноўнікаў у якасці назіральнікаў, па-за залежнасцю ад таго, ці будуць гэта амбасадары краін ЕЗ, ці гэта будуць міжнародныя арганізацыі, якія сфальсіфікавалі вынікі назірання», - сказаў М. Лазавік.

Акрамя таго, па ягоных словах, «наогул місію АБСЕ запрашаць будзе неяк некарэктна». «Па сутнасці справы, мы па віне АБСЕ знаходзімся нібыта пад хатнім арыштам, мы - неўязныя ў Еўропу. Узнікае пытанне, у якасці каго прыедуць еўрачыноўнікі да нас: у якасці назіральнікаў або наглядчыкаў? Хутчэй, як наглядчыкі. Каб не ставіць іх у няёмкае становішча, я б наогул не стаў бы іх запрашаць», - адзначыў прадстаўнік Цэнтрвыбаркама. Пры гэтым М. Лазавік удакладніў, што «гэта маё асабістае меркаванне, дадзеныя пытанні вырашаю не я, а надзеленыя Канстытуцыяй дзяржаўныя інстытуты - прэзідэнт і парламент».

М. Лазавік паведаміў, што раней група cябраў ЦВК звярнулася ў Еўразвяз з лістом, у якім пыталіся, на якой падставе іх пазбавілі права ўезду ў Еўропу. «Адказ адпавядае маёй характарыстыцы еўрачыноўнікаў - «еўрадэбілізм», - заявіў сакратар камісіі. Пры гэтым ён працытаваў адказ, атрыманы з генеральнага сакратарыята Рады ЕЗ. «Рада мяркуе, што звесткі, выкладзеныя ў вашым лісце, не апраўдваюць зняцце абмежаванняў, мер ЕЗ супраць вас. Рада застаецца пры сваім меркаванні, што абмежавальныя меры супраць вас апраўданыя. Сябры ЦВК Бушная, Бушчык, Кісялёва, Падаляк былі ўключаныя ў рашэнне Рады ЕЗ, якое датычыцца абмежавальных мер супраць прэзыдэнта Лукашэнкі і некаторых афіцыйных асоб, па наступных падставах: «сябар ЦВК», - працытаваў М. Лазавік.

«Атрымліваецца, што ўдзел у ЦВК з'яўляецца, на думку еўрачыноўнікаў, злачынствам. Я не магу паважаць тых еўрачыноўнікаў, якія без усякіх падставаў абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзян толькі таму, што яны займаюць нейкую пасаду», - заявіў сакратар ЦВК Беларусі.

Апошнія навіны