Палітычная акцыя ў Палацы мастацтваў (Фота)
- 19.01.2012, 11:45
У менскім Палацы мастацтваў пачаўся Другі фестываль беларускага духоўнага мастацтва.
Мастак Алесь Пушкін прадставіў на ім інсталяцыю, прысвечаную 60-годдзю Юрыя Захаранкі і іншых зніклых у Беларусі людзей, піша «Наша Ніва».
Цэнтрам інсталяцыі стаў вобраз «Адкрыццё Божай Маці адшукання загінулых і зніклых».
Пасля афіцыйнай часткі некаторыя наведвальнікі выставы прымацавалі каля абраза партрэты палітыкаў і журналістаў, якія зніклі ці памерлі пры загадкавых абставінах за апошнія 17 гадоў - Юрыя Захаранкі, Алега Бябеніна, Зміцера Завадскага, Анатоля Красоўскага, Генадзя Карпенкі.
Дырэкцыя музея адрэагавала адразу. На пытанне «Чыя гэта палітычная акцыя?» адзін з наведвальнікаў адказаў «мая», пасля чаго дырэктар Палаца мастацтваў прымусіў яго зняць партрэты і груба выцягнуў з памяшкання, дзе размяшчалася выстава.
Сам Алесь Пушкін, які падчас інцыдэнту разам з іншымі наведвальнікамі глядзеў батлейку ў іншым канцы залы, пракаментаваў здарэнне так: «Я аднавіў Абраз, набыты ў п'яніц, і павесіў яго на выставе. А тое, што адбылося - гэта зрабіў народ, а народ, як вядома, творца сваёй эпохі».