BE RU EN

У Менску за распыленне газу ў аўтобусе затрыманыя трое чалавек

  • 19.01.2012, 11:35

Супрацоўнікі Фрунзенскага РУУС Менска праводзяць праверку па факце распылення газу ў аўтобусе 101-га маршруту раніцай 18 студзеня.

За гэтае правапарушэнне затрыманыя тры маладыя чалавекі, перадае БелаПАН.

Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей ГУУС Менгарвыканкама, інфармацыя аб здарэнні паступіла ў міліцыю ў 8.44. На месца выбыў нарад аддзела дэпартамента аховы Фрунзенскага раёна, які знаходзіўся бліжэй за ўсіх да месца здарэння. Супрацоўнікі міліцыі ўсталявалі, што ў момант руху аўтобуса па вуліцы Адоеўскага на ягонай задняй пляцоўцы знаходзілася кампанія з трох маладых людзей, і адзін з іх распыліў ў салоне газ з балончыка.

Па прыкметах, названых пасажырамі, каля дома № 119 па вуліцы Адоеўскага маладыя людзі былі затрыманыя. Для далейшага разгляду іх даставілі ў Фрунзенскае РУУС.

Затрыманымі апынуліся раней судзімыя 19-гадовы і 23-гадовы браты, а таксама іхні 21-гадовы раней судзімы знаёмы. Апошні і распыліў газ з балончыка, набытага на рынку ў Ждановічах. У ходзе разгляду матываў свайго ўчынку парушальнік назваць не змог, тлумачыў тое, што адбылося, алкагольным ап'яненнем.

Эвакуацыя пасажыраў з аўтобуса не праводзілася, рух не спыняўся. За медыцынскай дапамогай пасажыры не звярталіся.

Як паведамілі ў ГУУС, затрыманыя правяраліся на дачыненне да распылення газу ў вагоне метро 12 студзеня і рэдакцыі газеты «Камсамольская праўда» у Беларусі» 19 снежня мінулага года.

Апошнія навіны