У Магілёве ўвялі ліміт на набыццё малака (Фота)
- 20.01.2012, 10:26
Улады Магілёва занепакоіліся вывазам малочнай прадукцыі Расею і не прыдумалі нічога лепага, як ўвесці абмежаванні на продаж малочнай прадукцыі ў адны рукі.
Упраўленне гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама 13 студзеня прыняло пастанову № 4-58, якой увяло часовыя нормы водпуску ў адны рукі на некаторыя тавары, піша Onliner.by.
Малака за адзін раз можна набыць не больш за 5 літраў, кефіру і смятаны - не больш за 3 літры, тварагу і масла жывёльнага - не больш за 3 кілаграмы, сыру сычужнага - не больш за 2 кілаграмы. Раздрукоўкі з тэкстам пастановы вісяць у крамах горада. Фотаздымак аднаго з іх размясціў у сваім Twitter карыстальнік Раман Астроўскі.
Як распавялі ў краме «Белмаркет», дзе зроблены здымак, такія абмежаванні насамрэч існуюць. «Гэтая пастанова ўведзеная, напэўна, з-за таго, што малочныя прадукты актыўна скупляліся і вывозіліся за межы краіны. Часам малака ў краме не хапала. Наколькі я ведаю, абмежаванні не толькі ў нашай краме, - растлумачыла нам прадстаўніца крамы. - Прадпрыемства «Бабуліна крынка», чыя прадукцыя ў асноўным у нас прадстаўленая, не адольвае такія аб'ёмы вытворчасці».
Па словах прадстаўніка гандлёвай сеткі, людзі, якія ў вялікіх аб'ёмах скуплялі малочныя прадукты, дзейнічаюць звычайна не паасобку. Малочная прадукцыя скупалася вялікімі партыямі ледзь ці не кожны дзень. «А ўсё ж такі малако ўваходзіць у пералік сацыяльна значных тавараў, якія павінныя прысутнічаць на прылаўках», - падкрэсліла яна.
Нагадаем, у канцы мінулага года ў Беларусі былі ўведзеныя межавыя гандлёвыя надбаўкі на шэраг тавараў, у тым ліку і малочную прадукцыю.