BE RU EN

Анастасія Палажанка: Няхай задумаюцца аб тым, што за беззаконне трэба адказваць

  • 20.01.2012, 14:45

Нявеста лідэра «Маладога фронту» Зміцера Дашкевіча Анастасія Палажанка пракаментавала магчымасць арышту Куляшова.

Дзяўчына лічыць, што прадстаўнікі ўладаў, якія маюць дачыненне да парушэння правоў чалавека і здзеку над беларусамі, павінныя задумацца аб наступствах бязмежжа, якое яны ладзяць - калі не ў Беларусі, то хоць бы перад выездам з краіны.

«Калі яны не задумваюцца аб адказнасці дома - хай задумаюцца аб тым, што за беззаконне трэба адказваць, хоць бы перад далёкай дарогай у Еўропу. Хай у сваіх спробах ў абыход «чорных спісаў» патрапіць у Еўропу супрацоўнік КДБ, МУС, прадстаўнікі Цэнтрвыбаркама або набліжаныя да «цела» бізнесмены спачатку падумаюць: «А ці варта мне ехаць? Ці не сустрэнуць мяне судовым пазовам, ці не арыштуюць калі што?», - сказала Палажанка «Беларускаму партызану».

Нагадаем, што французскі адвакат Уільям Бурдон 19 студзеня ў Парыжы падаў судовы пазоў супраць міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатоля Куляшова, які знаходзіцца зараз у Францыі.

Бурдон дзейнічае ад імя ініцыятывы Free Belarus Now, якая абвінавачвае кіраўніцтва сваёй краіны ў арганізацыі катаванняў палітвязняў.

На думку адваката, французская паліцыя павінная неадкладна арыштаваць Куляшова, які знаходзіцца ў французскім Ліёне на канферэнцыі Інтэрпола. Бурдон патлумачыў, што следчыя абавязаныя высветліць ступень удзелу кіраўніка беларускага МУС у разгонах выступленняў апазіцыі і далейшых катаваннях арыштаваных у Менску людзей.

Адвакат абвясціў, што прадстаўляе частку тых апазіцыянераў, якія былі арыштаваныя 19 снежня 2010 года на мітынгу супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Менску.

Апошнія навіны