Уільям Бурдон: Адказныя за катаванні павінныя быць арыштаваныя
- 20.01.2012, 16:33
Французскі адвакат Уільям Бурдон, які накіраваў пазоў на арышт Анатоля Куляшова, даў інтэрв'ю беларускім журналістам.
«Брытанская юрыдычная кансалтынгавая фірма папрасіла майго супрацоўніцтва ў гэтай справе, у сувязі з прысутнасцю міністра ўнутраных спраў у Ліёне», - сказаў Уільям Бурдон «Радыё Свабода».
«Канвенцыя ААН, прынятая 10 снежня 1984 года - так званая Нью-Ёркская канвенцыя супраць катаванняў - абавязвае дзяржавы, якія яе ратыфікавалі, у тым ліку і Францыю, арыштоўваць падазраваных у катаваннях, калі яны знаходзяцца на іх тэрыторыі. Гэта як раз сітуацыя, у якой знаходзіцца міністр», - сказаў адвакат.
Бурдон патлумачыў, што брытанскія юрысты звязаліся з ім у другой палове дня ў сераду:
«Пазоў быў пададзены ў чацвер у 10.30. Хутчэй гэта зрабіць было цяжка. Справа знаходзіцца ў руках парыжскага суду пачынаючы з раніцы чацвярга. У мяне няма інфармацыі, што парыжскі суд абавязаў затрымаць міністра і дапытаць».
Датычна абгрунтаванасці перададзенага ў суд пазову адвакат кажа наступнае: «Справа вельмі добра дакументаваная, надзвычай дакладна, з абсалютна пераканаўчымі доказамі. Яна не пакідае сумневаў у тым, што міністр унутраных спраў з'яўляецца асноўнай асобай, адказнай за арганізацыю катаванняў у дачыненні да апанентаў у Беларусі».
Гаворачы аб перспектывах судовага пераследу міністра Куляшова, Уільям Бурдон адзначыў:
«Барацьба з беспакаранасцю з'яўляецца вялікай праблемай для міжнароднай супольнасці. Юстыцыя набывае глабальныя маштабы. Некаторыя краіны гэтаму не падпарадкоўваюцца, і таму доступ да французскай судовай сістэме, з улікам, што Францыя прызнала Нью-йоркскую канвенцыю супраць катаванняў, дае ахвярам спосаб атрымаць доступ да правасуддзя і надзею, што асобы, адказныя за злачынствы, трапяць пад суд. Гэта патрабуе палітычнай волі. Трэба ўжыць тэхнічныя сродкі для перахопу гэтых падазраваных. Я глыбока шкадую з нагоды ваганняў парыжскага суду, які не рэагуе з той хуткасцю, якой патрабуе сітуацыя».
Брытанская Фірма McCue and Partners, прадстаўляе інтарэсы ахвяраў рэпрэсій з боку беларускага рэжыму, іхніх сем'яў і грамадзянскую ініцыятыву Free Belarus Now.
Уільям Бурдон (1956) - французскі адвакат, спецыяліст у крымінальным праве, спецыялізуецца ў абароне ахвяр глабалізацыі і злачынстваў супраць чалавечнасці.
Сам сябе характарызуе як «абаронцу правоў чалавека». У 1995-2000 генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. Абараняў кітайскіх дысідэнтаў, ахвяраў генацыду ў Руандзе, актывістаў сацыяльнай барацьбы, леварадыкальныя рухаў, зняволеных турмы ў Гуантанама, прымаў удзел у справе супраць Піначэта.