МТС назваў прычыну нечаканых спісанняў з рахункаў абанентаў
- 23.01.2012, 16:39
Аператар МТС патлумачыў сітуацыю з нечаканымі спісаннямі грашовых сродкаў абанентаў планавымі працамі па пашырэнні функцыяналу білінгу.
Афіцыйныя тлумачэнні кампаніі дала прэс-служба СТАА «МТС», паведамляе БелТА.
- У сувязі з правядзеннем планавых прац па пашырэнні функцыяналу білінгу МТС для некаторых абанентаў апрацоўка заявак на даданне і выдаленне паслугаў, зняцце блакаванняў, залічэнне плацяжоў праводзіцца з затрымкай, - гаворыцца ў афіцыйным каментары.
Пры гэтым аператар паабяцаў, што будзе працаваць з кожным абаненцкім выпадкам індывідуальна і ўсе пытанні вырашыць у самы бліжэйшы час.
На адным з форумаў карыстальнікі сёння пакінулі больш за 270 паведамленняў на тэму неабгрунтаванага спісання грашовых сродкаў з рахункаў абанентаў. Афіцыйны Twitter кампаніі таксама поўны пытанняў абанентаў. Прадстаўнікі МТС абяцаюць у бліжэйшы час зрабіць пераразлік і прыносяць прабачэнні за нязручнасці.
Раней паведамлялася, што ў шэрагу абанентаў МТС пры правядзенні аператарам 21-22 студзеня тэхнічных прац паўстала праблема - некарэктна адлюстроўваецца баланс, заблакаваная галасавая сувязь.