Аўтамабілі зноў даражэюць
- 24.01.2012, 11:05
З сённяшняга дня беларускія юрыдычныя асобы пазбаўляюцца ільготы па ПДВ на аўтамабілі.
Згодна з указам № 36 адмяняецца раней усталяваны парадак вызначэння падатковай базы па ПДВ. Раней гэтая база з'яўлялася розніцай паміж коштам набыцця аўтамабіля і коштам яго рэалізацыі.
Цяпер жа ПДВ будзе разлічвацца з поўнага кошту аўтамабіля.
Ранейшы парадак вызначэння падатковай базы ПДВ захаваецца толькі ў тым выпадку, калі юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі будуць рэалізоўваць транспартныя сродкі, набытыя ў фізічных асоб на тэрыторыі Беларусі. Гэта дасць магчымасць падтрымаць цікавасць аўтадылераў да развіцця схемы трэйд-ін (набыццё новага аўтамабіля ў залік былой у карыстанні іншамаркі), піша «Народная воля».
Кіраўніцтва Мінфіна лічыць, што адмена ільготы для юрыдычных асоб па ПДВ на іншамаркі дасць магчымасць усталяваць парадак рэалізацыі аўтамабіляў, аналагічны таму, што сёння дзейнічае ў Расеі і Казахстане. У міністэрстве разлічваюць такім чынам стварыць роўныя ўмовы ўвозу і рэалізацыі легкавых аўтамабіляў на тэрыторыі Мытнага саюза. А вось прадстаўнікі аўтабізнесу звяртаюць увагу на тое, што стаўка ПДВ у Беларусі складае 20%, тады як у Расеі - 18%, у Казахстане - 12%.
У Мінфіне адзначаюць, што падаражэнне не перавысіць 14%, але аўтадылеры кошты падымаюць не менш чым на 15%.
Указ № 36 дасць магчымасць Беларусі выканаць умовы вылучэння стабілізацыйнага крэдыту Антыкрызіснага фонду Еўразійскай эканамічнай супольнасці.