Штэфан Фюле падтрымаў «Вясну»
- 25.01.2012, 11:18
Еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства сустрэўся з намеснікам старшыні ПЦ «Вясна» Валянцінам Стэфановічам.
Фюле яшчэ раз выказаў падтрымку мужнай працы праваабаронцаў Беларусі, піша ПЦ «Вясна».
Еўракамісар выказаў занепакоенасць з нагоды палітычна матываваных пераследаў Праваабарончага цэнтра «Вясна».
Сустрэча адбылася адразу пасля таго, як Менскі гарадскі суд адмовіўся задаволіць касацыйную скаргу старшыні «Вясны», віцэ-прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага.
Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 гады турмы ў лістападзе мінулага года. Яго прызналі вінаватым у нявыплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на свае рахункі, выдаткоўваў на праваабарончую дзейнасць.
Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб банкаўскіх рахунках, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.
Бяляцкі знаходзіцца ў жодзінскай турме.
Краіны Еўразвяза, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязнем, а прысуд яму - палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронца.