BE RU EN

ПАРЕ заклікае да санкцый супраць беларускай дыктатуры

  • 25.01.2012, 14:46

ПАРЕ прыняла жорсткую рэзалюцыю па Беларусі

«За» прагаласавалі 111 з прысутных дэпутатаў, «супраць» - толькі 6.

Дэпутаты ПАРЕ падтрымалі варыянт рэзалюцыі па Беларусі, распрацаваны Палітычным камітэтам, перадае «Еўрарадыё».

Дакумент «цалкам падтрымлівае мэтавыя санкцыі ЕЗ, якія павінныя быць ўзмоцненыя, і заклікае краіны Рады Еўропы далучыцца да іх, пакуль не будуць вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе палітычныя зняволеныя і не будуць спыненыя рэпрэсіі супраць палітычных апанентаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў». Акрамя таго, у праекце рэзалюцыі ПАРЕ раіць Камітэту Міністраў, вядучаму органа Рады Еўропы, каб той выступіў з адпаведным заклікам да ўсіх удзельнікаў арганізацыі.

Нагадаем, што ў Раду Еўропы ўваходзяць усе краіны нашага кантынента (акрамя Беларусі, Ватыкана і Косава), у тым ліку Расея, Украіна і Турцыя.

Згодна з чарнавой рэзалюцыяй, ПАРЕ глыбока занепакоеная пагаршэннем сітуацыяі з правамі чалавека, палітычнымі і грамадзянскімі свабодамі ў Беларусі, асуджае рэпрэсіі і ціск супраць нязгодных.

Рэзалюцыя ўтрымлівае заклік да краін ЕЗ захаваць санкцыі для Беларусі, «асабліва адносна дзяржаўных прадпрыемстваў, звязаных з Аляксандрам Лукашэнкам і іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі», і працягнуць падтрымку незалежных няўрадавых арганізацый.

Рэзалюцыя прапануе ПАРЕ павялічыць сваё супрацоўніцтва з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый, незалежнымі СМІ, палітычнай апазіцыяй і незалежнымі прафсаюзамі. А таксама рэкамендуе пакінуць замарожанымі кантакты на высокім узроўні з беларускімі ўладамі. Без змяненняў застаецца і пазіцыя аб статусе спецыяльнага запрошанага для Беларусі: ён залежыць ад абвяшчэння мараторыя на смяротнае пакаранне і прагрэсу ў сферы дэмакратыі.

Апошнія навіны