Андрэс Херкель: Знаходжанне Андрэя Саннікава ў турме недапушчальнае
- 25.01.2012, 22:19
Знаходжанне кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава ў турме недапушчальнае, заявіў дакладчык Рады Еўропы Андрэс Херкель.
«Быў час, калі мы наогул не ведалі, дзе знаходзіцца Саннікаў. На жаль, мы атрымліваем сігналы аб прымяненні катаванняў у беларускіх турмах», - сказаў Херкель.
25 студзеня Рада Еўропы прыняла рэзалюцыю і рэкамендацыі па сітуацыі ў Беларусі. У прыватнасці, сябрам РЕ рэкамендавана далучыцца да санкцый Еўразвяза - да таго часу, пакуль у краіне не будуць вызваленыя і цалкам рэабілітаваныя ўсе палітвязні, перадае БелаПАН.
«З дыскусіі на сённяшнім паседжанні я зразумеў, што шэраг краін - сябраў Рады Еўропы не хочуць далучацца да санкцый Еўразвяза», - сказаў Херкель. На ягоную думку, тэксты рэзалюцыі і рэкамендацый стануць дадатковым аргументам длякамітэта міністраў Рады Еўропы, каб ён мог паўплываць на пазіцыю некаторых краін у дачыненні да Беларусі.
Херкель паведаміў, што працягне сачыць за развіццём сітуацыі ў краіне.