Ціск на актывістаў БХД працягваецца
- 26.01.2012, 15:46
Старшыня Рагачоўскага райвыканкама Віктар Банчук патрабуе прыцягнуць да адказнасці мясцовага каардынатара аргкамітэту БХД Дзяніса Дашкевіча.
Чыноўнік вінаваціць хлопца ў паклёпе, піша «Народная Воля».
Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да Дашкевіча дадому і паведамілі, што Банчук хоча прыцягнуць да адказнасьці адміністрацыю сайта www.vrogacheve.ru. На сайце была размешчаная інфармацыя аб тым, што галоўны вертыкальшчык кіраваў аўтамабілем у нецвярозым стане.
Дзяніс Дашкевіч паведаміў: «На маё пытанне, з чаго ён наогул узяў, што я з'яўляюся адміністратарам сайта, міліцыянт адказаў вычарпальна: «Мы не ведаем, і гэта наогул не нашыя пытанні!».
Дзяніс Дашкевіч распавёў, што заснавальнікі сайта знаходзяцца на тэрыторыі Расеі, а ў горадзе хапае іншых праблем, якія неабходна вырашаць: музычная школа ў Рагачове будавалася 15 гадоў, часта знікае вада, аўтобусы ездзяць не па раскладзе і г.д.
Дзяніс дадаў: «Як растлумачылі супрацоўнікі міліцыі, галоўнай мэтай візіту было паглядзець, ці не вяду я амаральны лад жыцця, бо я неаднаразова прыцягваўся за адміністрацыйныя правапарушэнні, у прыватнасці за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу. Я даведаўся, што нібыта знаходжуся на нейкім ўліку, і цяпер мяне будуць стала правяраць, як «нядобранадзейны элемент».
Сябры аргкамітэту БХД адзначаюць, што гэта далёка не першы выпадак, калі на заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі спрабуюць ціснуць з дапамогай мясцовай міліцыі. Некаторых падпісчыкаў дакументаў на рэгістрацыю партыі палохалі на працы звальненнямі і адлічэннем з вучобы.