BE RU EN

Адвакатка Шырын Эбадзі вылучыла Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію

  • 27.01.2012, 11:53

Да гэтага часу грамадзяне Беларусі Нобелеўскіх прэмій не атрымлівалі.

Пра рашэнне Шырын Эбадзі вылучыць Бяляцкага стала вядома з крыніц у Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. Шырын Эбадзі - іранская адвакатка, якая атрымала ўзнагароду ў 2003 годзе, піша «Наша ніва».

Эбадзі паведаміла, што пасылае свой намінацыйны ліст у Осла экспрэс-поштай. Тэрмін вылучэння заканчваецца 31 студзеня.

Пазбаўленне волі Алеся Бяляцкага выклікала хвалю салідарнасці з беларускім народам у розных краінах свету. Бяляцкі збіраў грошы на дапамогу рэпрэсаваным і ахвярам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Беларускія ўлады атрымалі праз органы юстыцыі Літвы і Польшчы нумары ягоных рахункаў і пасадзілі яго ў турму з абвинавачваннем у нясплаце падаткаў.

Бяляцкі заслужыў вядомасць і павагу ў 1980-я гады як адзін з заснавальнікаў руху за незалежнасць Беларусі. У пачатку 90-х ён быў абраны дэпутатам Менскага гарсавета. У канцы 1990-х ён адышоў ад палітыкі і стаў займацца дапамогай пацярпелым. Праваабаронцы-вясноўцы прыходзілі з дапамогай да ўсіх несправядліва асуджаных, незалежна ад іхніх палітычных поглядаў.

Апошнія навіны