Святлана Чорная мае намер працягваць галадоўку пратэсту
- 27.01.2012, 13:11
Жыхарка Менска Святлана Чорная, якая з 30 лістапада трымае галадоўку на знак пратэсту супраць смяротнага прысуду Канавалаву і Кавалёву, е мае намеру спыняцца.
Як яна заявіла БелаПАН, яна патрабуе не проста вызвалення ад смяротнага пакарання Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. «Я пратэстую супраць самога прысуду. Я лічу, што віна гэтых маладых людзей не была даказаная на судзе. І нават калі чалавек прызнаў сваю віну, па беларускім заканадаўстве, гэта не з'яўляецца падставай для прызнання яго вінаватым», - падкрэсліла Чорная.
Па ейных словах, яна не ведае, «на якой падставе Канавалаў зрабіў такую заяву».«Я не ведаю прычын, па якіх ён адмовіўся ад памілавання, у якіх умовах ён гэта зрабіў, у выніку чаго ён прыняў такое рашэнне. Тым больш што ёсць яшчэ Уладзіслаў Кавалёў, які прашэнне аб памілаванні напісаў. Так што галадоўку я пакуль спыняць не буду», - сказала Чорная.
Яна сказала, што адчувае сябе «нармальна». «Я п'ю шмат вады, імкнуся піць мінеральную ваду, каб не псаваліся косткі. Да пачуццю голаду я ўжо прывыкла, яно мяне не вельмі турбуе, асаблівай неабходнасці ў ежы я ўжо не адчуваю», - сказала Чорная.
25-гадовыя Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў прысуджаныя Вярхоўным судом да смяротнага пакарання па справе аб тэракце ў менскім метро.