BE RU EN

30 студзеня суд разгледзіць скаргу адвакатаў Саннікава

  • 27.01.2012, 15:21

30 студзеня суд Віцебскага раёна павінен разгледзець скаргу адвакатаў Андрэя Саннікава на дзеянні адміністрацыі калоніі «Віцьба-3».

Аб гэтым паведаміла БелаПАН жонка кандыдата ў прэзідэнты Ірына Халіп.

У сувязі з гэтым, па ейных словах, адвакат вырашыў перанесці магчымае спатканне з Саннікавым на 30 студзеня, хоць раней планаваў наведаць калонію 27 студзеня.

Падставай для скаргі адвакатаў на дзеянні адміністрацыі калоніі «Віцьба-3» стала немагчымасць ўбачыць падабароннага. На працягу больш чым двух месяцаў кіраўніцтва калоніі не дазваляла адвакатам і сваякам сустрэцца з Саннікавым. Па словах Халіп, начальнік калоніі Віталь Агністыкаў тлумачыў гэта нейкай праверкай, якая нібыта праводзіцца для таго, каб высветліць, ці не пагражае Саннікаву небяспека.

Раней адвакаты звярталіся са скаргай на дзеянні адміністрацыі калоніі ў дэпартамент выканання пакаранняў МУС. У адказ на гэта ім было заяўлена, што кіраўніцтва выпраўленчай калоніі не мае звестак аб неабходнасці прадастаўлення Саннікаву юрыдычнай дапамогі.

Апошнія навіны