Суд не задаволіў скаргу адвакатаў Андрэя Саннікава
- 30.01.2012, 12:59
Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу адвакатаў Андрэя Саннікава на адмову адміністрацыі калоніі «Віцьба-3» у сустрэчах з іхнім падабаронным.
Як паведаміла БелаПАН адвакатка Марына Кавалеўская, разгляд скаргі ў абласным судзе адбыўся 30 студзеня. «Мы абскардзілі рашэнне раённага суда Віцебска і рашэнне Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў па Віцебскай вобласці, якія прызналі законным рашэнне адміністрацыі калоніі «Віцьба-3» аб нядопуску нас да Саннікаву. На жаль, нашая скарга засталася без задавальнення», - сказала адвакатка.
Па словах Кавалеўскай, на рашэнне Віцебскага абласнога суда будзе пададзеная скарга ў парадку нагляду.
Нагадаем, адвакаты і сваякі Андрэя Саннікава не дапускаліся да яго на працягу больш чым двух месяцаў. Начальнік калоніі «Віцьба-3» Віталь Агністыкаў тлумачыў гэта нейкай праверкай, якая нібыта праводзіцца для таго, каб высветліць, ці не пагражае Саннікаву небяспека.
У маі 2011 году кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў быў прысуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. Адбываць пакаранне ён павінен быў у калоніі Наваполацка (Віцебская вобласць), аднак палітыка некалькі разоў этапавалі ў іншыя калоніі. З 8 лістапада па 20 студзеня Саннікава трымалі ў поўнай ізаляцыі ад знешняга свету. 20 студзеня да яго дапусцілі адваката, а 24-га - падалі кароткатэрміновае спатканне з жонкай і маці.