BE RU EN

Гендырэктарам «Спартака» стаў гомельскі «вертыкальшчык»

  • 15.10.2012, 11:40

Прызначаны новы кіраўнік СП ААТ «Спартак».

Пра гэта паведамілі БелаПАН у прэс-службе канцэрна «Белдзяржхарчпрам».

Як перадавалася раней, Аляксандр Лукашэнка 12 кастрычніка запатрабаваў звольніць старшыню канцэрна Івана Данчанку, а кіраўнікоў двух найбуйнейшых кандытарскіх фабрык Беларусі - «Камунаркі» і «Спартака» - адхіліць ад займаных пасадаў і накіраваць на іншыя прадпрыемствы.

У «Белдзяржхарчпраме» паведамілі, што 12 кастрычніка на пасаду генеральнага дырэктара «Камунаркі» быў прызначаны былы старшыня канцэрна Іван Данчанка. На пасаду генеральнага дырэктара СП ААТ «Спартак» прызначаны Алег Жыдкоў, які раней займаў пасаду кіраўніка справамі Гомельскага гарвыканкама.

Абавязкі старшыні «Белдзяржхарчпрама» выконвае першы намеснік старшыні канцэрна Генрых Чарняк. Сёння ён правёў аператыўную нараду ў ведамстве.

Нагадаем, 12 кастрычніка на нарадзе па пытанню развіцця кандытарскай галіны Лукашэнка раскрытыкаваў сітуацыю ў гэтай сферы эканомікі, распарадзіўся ліквідаваць назіральныя саветы на СП ААТ «Спартак» і ў СААТ «Камунарка» і вярнуць прадпрыемствы дзяржаве. «На працягу кастрычніка закрыць праблему па ўсім прадпрыемствам, якія калісьці былі прыватызаваныя, раздадзеныя і іншае. Усе яны павінны быць дзяржаўнымі прадпрыемствамі!» - заявіў ён.

Лукашэнка распарадзіўся звольніць старшыню «Белдзяржхарчпрама» і дырэктараў «Спартака» і «Камунаркі». Апошніх Лукашэнка запатрабаваў накіраваць на іншыя прадпрыемствы галіны. «Падавайце ім працу на працягу гэтага месяца - і мне на кантроль. Як яны працуюць на іншым прадпрыемстве - дакладваць кожны месяц. Добра спрацуюць - не пакрыўдзім, будуць працаваць і далей, - сказаў ён. - А на прадпрыемствы накіруйце сваіх людзей. І галавой будзеце адказваць за гэтыя прадпрыемствы».

Данчанку ён прапанаваў адправіць на «Камунарку» - «няхай навядзе парадак і пакажа, як працаваць». «Вось і ўсё. Якія тут праблемы? Давайце так зробім», - сказаў Лукашэнка.

Дыктатар запатрабаваў на працягу кастрычніка навесці ў кандытарскай прамысловасці «ідэальны парадак». «Давайце дамовімся: не выкручвацца і хадзіць вакол праблем - на працягу кастрычніка ў кандытарскай прамысловасці навесці ідэальны парадак, - заявіў ён. - На працягу кастрычніка закрыць праблему па ўсім прадпрыемствам, якія калісьці былі прыватызаваныя, раздадзеныя і іншае. Усе яны павінны быць дзяржаўнымі прадпрыемствамі! Дзяржава павінна мець кантрольны пакет акцый і наўпрост імі кіраваць. Дывідэнды выплочваць толькі тады, калі з'явіўся занадта вялікі «тлушч». Бо мы праз тры гады ні дывідэндаў не будзем мець, ні прадпрыемстваў. Запомніце: гэта маё рашэнне! Не маіх памочнікаў , не дарадцаў, як гэта спрабуюць прадставіць».

«Народнае павінна працаваць! Калі прыйшоў прыватнік і не працуе - значыць прадпрыемства, пакуль яно не знішчана, трэба вярнуць народу. Для гэтага ў вас тэрмін - кастрычнік!» - дадаў Лукашэнка.

«А ўсе размовы, што ў нас «Камунарку» і «Спартак» хочуць забраць і прадаць - забудзьцеся! Тут будзе дзяржаўнае прадпрыемства для народа! І гэта не толькі прадпрыемства калектываў, гэта здабытак народа, гэта стваралася пакаленнямі, і мы зробім так, што гэтыя прадпрыемствы будуць проста блішчаць на фоне іншых», - падкрэсліў ён.

«Народ павінен ведаць, што прэзідэнт нікому нічога народнага не дае і не аддасць, - заявіў Лукашэнка. - Вы ж ведаеце, што без мяне на «Камунарку» і «Спартак» і іншыя прадпрыемствы ніхто нават нагой не ступіць. Вы ведаеце маё стаўленне да прыватызацыі».

Апошнія навіны