Новікава і Уласевіч абскардзілі забарону на ўезд у Літву
- 17.10.2012, 17:52
Беларускія актывісты антыядзернага руху абскардзілі рашэнне літоўскіх улад аб унясенні іх у спіс асоб, непажаданых для знаходжання на тэрыторыі Літвы.
Як паведаміла БелаПАН Таццяна Новікава, скарга пададзена 16 кастрычніка ў Адміністрацыйны акруговы суд Вільні адвакатам Відасам Вілкасам, які прадстаўляе інтарэсы беларускіх актывістаў у Літве.
Адвакат упэўнены, што забарона на ўезд у Літву ў дачыненні да двух беларускіх грамадзян парушае асноватворную Еўрапейскую канвенцыю аб абароне праў чалавека і асноўных свабод, у артыкуле № 10 якой гаворыцца пра неад'емнае права чалавека свабодна выказваць свае думкі і погляды, у дадзеным выпадку - на праблемы будаўніцтва АЭС.
Акрамя таго, сказана ў скарзе, правы Таццяны Новікавай і Мікалая Уласевіча парушаныя тым, што іх не паставілі ў вядомасць аб рашэнні літоўскага дэпартамента міграцыі, а ў дакуменце, выдадзеным на рукі на мяжы, не пазначаныя матывы і прычыны гэтага рашэння. Такім чынам, парушана права грамадзян ведаць аб рашэннях, прынятых у адносінах да іх, якое дэкларуе літоўскі Закон аб прававым статусе замежных грамадзян. Не ведаючы пра рашэнне літоўскіх улад, заяўнікі не маглі скарыстацца правам на сваю абарону шляхам яго абскарджання.
У скарзе таксама адзначаецца, што прычынай забароны на ўезд у Літву стала грамадская дзейнасць беларускіх актывістаў, якія крытыкуюць будаўніцтва атамных электрастанцый.
Новікава выказала надзею на тое, што ўдасца «аднавіць справядлівасць і аспрэчыць рашэнні, прынятыя пад уплывам атамнага лобі». «Тым больш цяпер, калі яго паражэнне на рэферэндуме стала відавочна», - дадала яна.
Нагадаем, 26 верасня каардынатар грамадскай кампаніі «Астравецкая атамная - гэта злачынства!» Мікалай Уласевіч і каардынатар Беларускай антыядзернай кампаніі Таццяна Новікава не змаглі трапіць у Вільню на канфэрэнцыю «Літва - Беларусь, ядзернае суседства», куды накіроўваліся па запрашэнні літоўскага сейма. Літоўскія памежнікі адмовілі ім ва ўездзе на той падставе, што Новікава і Уласевіч пагражаюць нацыянальнай бяспекі Літвы, а Новікава - яшчэ і бяспекі іншых краін ЕЗ.