Дэпутат Бундэстага: Супрацоўніцтва з Менскам працягваецца
- 17.10.2012, 19:18
Нямецкія левыя патрабуюць спыніць супрацоўніцтва з усімі краінамі, дзе парушаюцца правы чалавека.
Пасля скандалу ў СМІ вакол супрацоўніцтва паміж сілавікамі Германіі і Беларусі федэральны ўрад ФРГ адмовіўся ад дэбатаў аб супрацоўніцтве з аўтарытарнымі рэжымамі, піша берлінскае выданне Tagesspiegel, спасылаючыся на адказ статс-сакратара МУС ФРГ Оле Шродэра дэпутату Бундэстага ад партыі левых Яну Кортэ.
У сваім афіцыйным запыце каардынатар партыі па ўнутраных пытаннях пацікавіўся асаблівасцямі супрацоўніцтва Германіі з антыдэмакратычнымі, аўтарытарнымі і таталітарнымі рэжымамі, якія не адпавядаюць заходнім стандартам, паведамляе «Радыё Свабода».
Тым часам іншы прадстаўнік левай парламенцкай апазіцыі ФРГ Андрэй Хунко ў сваёй заяве, апублікаванай нямецкімі СМІ, звяртае ўвагу: хоць супрацоўніцтва з сілавікамі Беларусі фармальна і спынена, фактычна яно працягваецца. З 2009 года Беларусь мае статус назіральніка ў праграме памежнай бяспекі Еўразвяза FRONTEX. Такія цесныя сувязі еўрапейцаў з беларускімі ўладамі ў рамках міграцыйнай палітыкі даюць нямецкім і беларускім сілавікам магчымасць актыўна абменьвацца звесткамі аб нелегальных мігрантах. Гэта можа спрыяць дэпартацыі ў Беларусь палітычных бежанцаў.
Нямецкія левыя патрабуюць ад федэральнага ўрада спыніць супрацоўніцтва з усімі краінамі, у якіх сістэматычна парушаюцца правы чалавека, душыцца апазіцыя і меншасці. Яны лічаць, што супрацоўніцтва з замежнай паліцыяй павінна ў будучыні праходзіць пад пільным кантролем Бундэстага.