Бішкек чакае «прамога адказу» з Менска
- 2.10.2012, 11:38
МЗС Кыргызстана чакае «прамога адказу» з Менска на афіцыйную ноту аб экстрадыцыі былога кіраўніка рэспублікі Курманбека Бакіева.
Пра гэта заявіў у аўторак на прэс-канферэнцыі начальнік Упраўлення інфармацыі, прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Кыргызстана Нуржыгіт Кадырбекаў, піша «Інтэрфакс».
«Мы чакаем прамога адказу на наш афіцыйны зварот, які яшчэ не паступіў. Калі выказванні амбасадара Беларусі ў Казахстане адпавядаюць рэчаіснасці, то мы вельмі шкадуем, што крымінальныя пераследы і абавязацельствы па Менскай і Кішынёўскай канвенцыях СНД пераводзяцца ў палітычную плоскасць», - сказаў Кадырбекаў.
«Працэсы ўступлення Кыргызстана ў Мытны саюз і крымінальныя пераследы знаходзяцца ў рознай плоскасці і ніякага гандлю тут быць не можа», - падкрэсліў прадстаўнік МЗС.
Раней tengrinews.kz апублікавала інтэрв'ю з амбасадарам Беларусі ў Казахстане Валерыем Брылёвым, у якім ён заявіў, што «Беларусь не гатовая бачыць Кыргызстан у МС да ўрэгулявання палітычных пытанняў».
Ён таксама выказаў заклапочанасць у сувязі з нападамі на амбасаду Беларусі ў Бішкеку і адзначыў складанасці ў выдачы сваякоў Бакіева кыргызскім уладам.
Між тым Кадырбекаў паставіў пад сумнеў сапраўднасць выказванняў беларускага амбасадара, так як, па яго словах, «дадзенае паведамленне выйшла толькі ў адным СМІ».
Бакіеў і яго малодшы брат, экс-кіраўнік Службы дзяржаховы Жаныш Бакіеў абвінавачваюцца ў шэрагу злачынстваў. Яны знаходзяцца ў Беларусі, улады якой адмаўляюцца выдаць іх на радзіму.