Дуня Міятавіч: Неабходна абараняць не толькі прафесійных журналістаў
- 2.10.2012, 11:48
Прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ выступіла на канферэнцыі Еўрапейскай федэрацыі журналістаў у Маскве.
«Тыя, хто абараняе свабоду слова, павінны абараняць блогераў і іншых актывістаў, якія публічна падымаюць свой голас з крытыкай улад», - лічыць Дуня Міятавіч.
Як паведамляе прэс-служба БАЖ, прадстаўнік АБСЕ кажа, што не заўсёды знаходзіць паразуменне па гэтым пытанні з урадамі дзяржаў, але цвёрда стаіць на сваім:
«Калі вы разгледзіце гэтыя выпадкі, то зразумееце, што гэтыя актывісты апынуліся ў турмах за крытыку ўлад. Мы не можам сказаць: яны не журналісты, і таму мы не будзем змагацца за іх правы».
Паводле слоў Міятавіч, у 2012 годзе ў рэгіёне АБСЕ не было зафіксавана ні аднаго забойства журналіста. Тым не менш, нельга сказаць, што гвалт над людзьмі нашай прафесіі перастал быць праблемай. «Напады на журналістаў і іх маёмасць, запалохванні, заключэнні працягваліся. За апошні год у турмах апынуліся каля 100 журналістаў, і падставай для іх заключэння стала прафесійная дзейнасць», - кажа Дуня Міятавіч.
Трывожная тэндэнцыя назіраецца не толькі ў Беларусі, дзе «сітуацыя наўрад ці хутка зменіцца». Увага офіса АБСЕ накіравана на Турцыю, дзе за кратамі знаходзяцца каля 70-і журналістаў; на Расею, дзе за палітычны канцэрт-перформанс апынуліся ў турме музыкі; на Венгрыю, дзе на працягу апошніх двух гадоў сітуацыя са свабодай СМІ пагаршаецца імклівымі тэмпамі.
Увядзенне крымінальнай адказнасці за паклёп у Расеі, спроба вярнуць яе ва Украіне, не кажучы аб шырокім прымяненні гэтых артыкулаў у Беларусі - усё гэта, па словах Міятавіч, паказвае, у якім кірунку рухаецца рэгіён. І гэта выклікае занепакоенасць у офіса АБСЕ па свабодзе СМІ.
Тэму працягнуў у сваім выступленні і намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец.
«Што тычыцца крымінальнай адказнасці за паклёп, тут Беларусь, мабыць, «наперадзе планеты ўсёй» - у нашым Крымінальным кодэксе цэлых шэсць артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць за паклёп і абразу», - падкрэсліў юрыст. Заведзеныя супраць журналістаў Анджэя Пачобута і Мікалая Петрушэнкі крымінальныя справы - гэта тое, што, паводле яго слоў, найбольш турбуе сёння БАЖ.
Яшчэ больш трывожыць тэндэнцыя, агульная для некаторых краін постсавецкай прасторы: «Мы бачым, што ў Крымінальны кодэкс Расеі вярнуліся артыкулы за паклёп, бачым спробу вярнуць іх ва Украіне. Складваецца ўражанне, што ва ўладаў некаторых дзяржаў (якія, між тым, знаходзяцца на еўрапейскай прасторы, у зоне АБСЕ) выпрацаваўся імунітэт на пратэсты грамадскасці і еўрапейскіх структур. У лепшым выпадку мы чуем апраўдальную рыторыку, якая не супадае з дзеяннямі. У горшым - нічога не чуем, а проста бачым рэпрэсіі, пагаршэнне заканадаўства і практыку яго прымянення. Гэта сур'ёзныя выклікі, і нам трэба падумаць, што з імі рабіць».
Нагадаем, што міжнародная канферэнцыя «Еўрапейская Федэрацыя журналістаў ідзе на Усход» пачалася 1 кастрычніка ў Доме журналіста ў Маскве. Удзел у трохдзённым форуме прымаюць прадстаўнікі асацыіраваных членаў ЕФЖ: Саюз журналістаў Расеі, журналісцкіх арганізацый Украіны, Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Малдовы, іншых краін. У першы дзень на форуме выступіла старшыня БАЖ Жанна Літвіна.