Беларускі бензін не пускаюць ва Украіну
- 22.10.2012, 16:04
Органы Дзяржаўнай мытнай службы Украіны з 14 гадзін 19 кастрычніка часова спынілі мытнае афармленне аўтамабільнага бензіну, які ўвозіцца ў краіну.
Пра гэта паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прадстаўнік ТАА «БНК-Украіна» (даччыная структура ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» - беларускага спецэкспарцёра нафты і нафтапрадуктаў).
«Нас прыпыненне мытнага афармлення нафтапрадуктаў кранула роўна ў той жа ступені, як і іншых пастаўшчыкоў. Афармленне бензінаў прыпынена, пастаўкі дызпаліва таксама былі прыпыненыя, але ў суботу яны аднавіліся. Бензіна - пакуль яшчэ не», - сказаў суразмоўца агенцтва.
Ён адзначыў, што на дадзены момант мытнага афармлення на ўвоз у Украіну чакаюць «дастаткова вялікія партыі беларускага бензіну». «Пастаўкі не праходзілі тры дні, для нас гэта вялікія аб'ёмы, хоць з месячнымі яны, вядома, не супастаўныя», - удакладніў суразмоўца агенцтва.
На яго думку, прыпыненне мытнага афармлення звязана з акцызнай палітыкай Украіны. «Як вядома, ва Украіне ўведзены плаваючыя стаўкі акцызаў, але яны даўно не пералічваліся. Новую стаўку планавалася агучыць 20 кастрычніка, напэўна, з гэтым звязана прыпыненне афармлення», - выказаў меркаванне прадстаўнік «БНК-Украіна».
Ён падкрэсліў, што дадзеная сітуацыя «ніяк не звязана з намерам Украіны ўвесці з 1 снежня спецпошліны на імпартныя нафтапрадукты і спецрасследаваннем па гэтай тэматыцы».
Як паведамлялася, у панядзелак выданне OilNews са спасылкай на апытаных імпарцёраў нафтапрадуктаў, паведаміла, што Дзяржмытслужба Украіны з 14:00 пятніцы, 19 кастрычніка, прыпыніла мытнае афармленне бензінаў, якія ўвозяцца ў краіну. Так, па стане на раніцу 22 кастрычніка, з праблемай мытнага афармлення бензінаў сутыкнуліся ўсе асноўныя пастаўшчыкі: ОККО, WOG, «Паралель», «Асі-ойл», «КЛО» і іншыя.
У той жа час імпарт дызельнага паліва праходзіць у нармальным рэжыме.
«На думку асобных удзельнікаў рынка, праблемы, якія ўзніклі, могуць азначаць падрыхтоўку да ўкаранення адзінага аператара па афармленні нафтагрузаў, як гэта ўжо практыкавалася ў іншых галінах», - адзначаюць у OilNews.