BE RU EN

Анджэй Пачобут: Аўтарытэт улад цяпер мінімальны

  • 23.10.2012, 9:12

За падаўжэннем следства стаяць палітычныя прычыны, лічыць журналіст.

Следства па справе журналіста Андрэя Пачобута падоўжылі да 21 лістапада. Мера стрымання не змянялася, журналіст застаецца пад падпіскай аб нявыездзе, нагадвае «Радыё Свабода».

- Што думаеце пра падаўжэнне следства? Як гэта ўспрымаецца псіхалагічна?

- За гэтым стаяць палітычныя прычыны. Відавочна, улады вырашылі, што ім пакуль такі працэс не патрэбен, і сітуацыя пакуль застаецца ў падвешаным стане. Я буду пісаць далей, пакуль не пасадзяць.

- Вядома, што пасля вашага вызвалення з-за кратаў у чэрвені з вамі не праводзіліся следчыя дзеянні. Якія, на ваш погляд, цяпер у вашай справе могуць праводзіцца следчыя дзеянні?

- Я ведаю толькі, што адразу былі канфіскаваныя кампутары, на якіх я працаваў дома, па іх была праведзена экспертыза. Праўда, з яе вынікамі мяне не азнаёмілі. Але гэта былі тыя самыя кампутары, якія ў мяне канфіскоўвалі падчас папярэдняй справы. Думаю, што яны там усё хутка праверылі і ўсталявалі, што можа мець дачыненне да гэтай справы.

- Вас выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. А за гэты час даводзілася пакідаць Гродна?

- Я абавязаны знаходзіцца на тэрыторыі Гродна і выязджаць нікуды не маю права. Адзін раз я звяртаўся за дазволам, і мне такі дазвол далі. Я ездзіў летам у Наваградак на пахаванне. Больш не звяртаўся, хоць па працы неабходнасць была. Але хто мяне будзе пускаць пісаць рэпартажы?

- Памятаю вашы рэпартажы з менскага суда над Кавалёвым і Канавалавым, матэрыялы з Віцебска. А як цяпер працуеце?

- Сёння ў мяне такой магчымасці няма, але я працую з навінамі ці пішу аналітычныя тэксты.

- Што вас як журналіста найбольш прыцягвае ў цяперашніх падзеях у Беларусі?

- Аўтарытэт улады зараз мінімальны. Наогул, што самае дзіўнае, калі ўзяць сістэму беларускай эканомікі, то па ўсіх сусветных нормах яна не можа існаваць. Але яна ўжо 18 гадоў функцыянуе, і гэта цікава. І Лукашэнка пастаянна знаходзіць шчыліны, калі, здавалася б, усё ўжо павінна абрынуцца. Але яно зноў існуе, так як аказваецца, што можна гандляваць «растваральнікамі». І вось такія схемы эканамічныя - гэта вельмі цікава.

- Мабыць, цяпер застаецца больш часу, каб праводзіць яго з сям'ёй?

- Вядома, я значна больш часу стаў прысвячаць сям'і, улічваючы тое, што для ўсіх было вельмі складана, калі мяне пасадзілі і зноў могуць пасадзіць. Рэгулярна суботу - выходны дзень - цалкам аддаю сям'і, а сына кожны дзень ваджу ў садок.

Апошнія навіны