Ірына Халіп: «Мяне працягваюць трымаць як заложніцу»
- 23.10.2012, 10:33
У пачатку кастрычніка Лукашэнка паабяцаў, што дасць магчымасць журналістцы свабодна выязджаць з краіны, аднак да гэтага часу не выканаў сваё абяцанне.
13 дзён таму, 9 кастрычніка, Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю газеце The Independent паабяцаў, што дазволіць Ірыне Халіп свабоднае перамяшчэнне, у тым ліку паездкі ў Маскву. «Я ўжо прыняў рашэнне. Бачыце, дыктатура таксама можа быць добрай. Ніякі іншы прэзідэнт не змог бы вырашыць усе прама зараз, я змог», - пахваліўся Аляксандр Лукашэнка і прапанаваў журналісту брытанскай газеты Яўгену Лебедзеву гэтым жа вечарам адвезці Ірыну Халіп у Маскву.
Па словах Ірыны Халіп, брытанскі журналіст шчыра паверыў словам беларускага кіраўніка, а вось яна першапачаткова паставілася да іх скептычна:
«Мне пра гэта стала вядома праз 10 хвілін. Бо ад Лукашэнкі Лебедзеў адразу паехаў да мяне і сказаў: «Збірайся, паехалі ў Маскву. Ты - вольная, цябе выпусцілі». А калі ехаў да мяне, паспеў патэлефанаваць майму галоўнаму рэдактару Дзмітрыю Муратаву, і той таксама патэлефанаваў і сказаў, што чакае мяне ў Маскве. Але я ім патлумачыла, што не трэба сур'ёзна ўспрымаць словы гэтага чалавека. Калі б я была забойцай, то мяне б маглі хутка вызваліць, як тых забойцаў падпальшчыка, якіх на адной нарадзе Лукашэнка загадаў вызваліць, і адразу міліцэйскі аўтамабіль развез іх па дамах. Але я не забойца, а журналіст».
Ірына Халіп у красавіку 2011 года была асуджаная на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады за ўдзел у масавых пратэстах 19 снежня 2010 года, перадае «Радыё Свабода».
Журналістка не мае права пакідаць Менск без дазволу крымінальна-выканаўчай інспекцыі, павінна з вечара да раніцы быць дома, у любы момант да яе з праверкамі могуць прыйсці - і прыходзяць - міліцыянты. 15 кастрычніка, ужо пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з журналістам The Independent, Ірына Халіп адзначалася ў міліцыі, і ні пра якія змяненні ў яе статусе ёй не паведамілі:
«Вось я ў мінулы панядзелак, калі там была і адзначалася, спытала: «А вы пра словы Лукашэнкі чулі?» Мне адказалі: «Які Лукашэнка? Для нас яго словы нічога не значаць, мы выконваем прысуд. Вось ёсць прысуд, ёсць штамп, ёсць подпіс. І гэта для нас кіраўніцтва для дзеяння».
Сама без дазволу ехаць на вакзал і садзіцца ў цягнік «Менск - Масква» Ірына Халіп не хоча, бо лічыць, што гэта можа пагоршыць яе становішча, так як з пункту гледжання закона гэта будзе азначаць, што яна спрабуе ўцячы. «Такога падарунка я ім не зраблю», - кажа журналістка расейскай «Новой газеты». Ірына Халіп мяркуе, што калі б улада мела упэўненасць, што з Масквы яна не вернецца, то яе, магчыма, ужо б сапраўды выпусцілі. Але назаўжды яна з'яжджаць не хоча. «Тут мой дом, мая сям'я, мая праца», - кажа Ірына Халіп і працягвае працаваць, як і раней, не выязджаючы з Менска.
Ці рыхтуе міліцыя дакументы на вызваленне Ірыны Халіп ад пакарання? Супрацоўніца крымінальна-выканаўчай інспекцыі Партызанскага РУУС, дзе стаіць на ўліку журналістка, ад размовы адразу ўхілілася.
- У вас на ўліку журналістка Ірына Халіп. Між тым, ёсць інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі, у якім ён…
- Ніякіх каментароў я даваць не буду, тэлефануйце ў прэс-службу гарадской міліцыі.