BE RU EN

Любоў Кавалёва: У КДБ звычайныя злодзеі

  • 23.10.2012, 11:13

Маці пакаранага Уладзіслава Кавалёва атрымала адказ з Генпракуратуры на свой зварот да генпракурора з патрабаваннем забяспечыць яе канстытуцыйныя правы.

Нагадаем, на працягу некалькіх месяцаў Любоў Кавалёва звярталася ў СІЗА КДБ і асабіста да старшыні Камітэта дзяржбяспекі Вадзіма Зайцава, спрабуючы высветліць, дзе знаходзяцца запісы сына, якія ён вёў у судзе і на сустрэчах з адвакатам. Ні на адзін са зваротаў пісьмовага адказу яна не атрымала. Таму жанчына звярнулася да генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, дамагаючыся выканання ў адносінах да сябе артыкула 40 Канстытуцыі. Яна абвяшчае: «Кожны мае права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы. Дзяржаўныя органы, а таксама службовыя асобы абавязаны разгледзець зварот і даць адказ па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. Адмова ад разгляду пададзенай заявы павiнна быць пiсьмова матываванай».

Адказ, атрыманы Кавалёвай з Генпракуратуры, падпісаны начальнікам аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і дзяржаўнай бяспекі В.І.Шуляком. З яго вынікае, што парушэнняў дзеючага заканадаўства ў гісторыі са зваротамі ў КДБ «не ўстаноўлена». Адпаведна, «падстаў для прымянення мер пракурорскага рэагавання не маецца».

«Я не задаволеная такім адказам. Цяпер магу звяртацца ў суд. Але не буду, паколькі пасля сфабрыкаванага абвінавачання ў дачыненні да майго сына і Зміцера Канавалава, а затым вынясення неправасуднага прысуду пераканалася ў адсутнасці незалежнага суда ў нашай краіне», - заявіла Кавалёва БелаПАН.

Яна лічыць, што адбыўся «звычайны крадзеж». Гэта датычыцца і зніклых запісаў сына і яго даверанасцей, якія ён рыхтаваў для маці.

Апошнія навіны