BE RU EN

Адкупіцца ад суботніка можна за 50 тысяч рублёў (Фота)

  • 24.10.2012, 15:59

Таварыства ўласнікаў прапануе жыхарам дома адкупіцца ад суботніка, заплаціўшы па 50 тысяч рублёў.

Цікавую аб'яву сфатаграфаваў каля пад'езда дома і размясціў у сваім блогу менчук Павел Бераснеў, які пражывае па вуліцы Аладавых. Таварыства ўласнікаў інфармуе жыхароў аб маючым адбыцца суботніку і прапануе альтэрнатыву тым, хто не выйдзе 27 кастрычніка на ўборку двара і пад'ездаў: «У грашовай форме аплаціць сваё нежаданне ўдзельнічаць у мерапрыемстве ў памеры 0,5 базавай велічыні».

Некаторых жыхароў дома аб'ява прывяла ў замяшанне, піша onliner.by.

«Крута, канешне, што Менгарвыканкам вырашыў навесці парадак у пад'ездах і абвясціў усеагульную рабочую мабілізацыю. Але асмелюся нагадаць, што суботнік - гэта справа добраахвотная, - разважае блогер. - І як разумна аб'ядналі камунізм з капіталізмам: для камуністаў - венікі і граблі, а для капіталістаў - цвёрдая такса ў базавых велічынях!».

Выклікае здзіўленне ў жыхароў і першая частка аб'явы, у якой сказана, што кватэры камунальных даўжнікоў могуць быць перададзены таварыству ўласнікаў.

Мы вырашылі ўнесці яснасць і патэлефанавалі старшыні праўлення ТУ дома № 17 па вул. Аладавых Юрыю Вадзяніцкаму. Ён пацвердзіў, сапраўды, такія аб'явы ўчора былі расклееныя па пад'ездах.

- Раней дом быў замацаваны за ЖЭСам № 126 і жыхары часта скардзіліся на дрэнную якасць уборкі. З траўня 2012 года мы перайшлі на самаабслугоўванне, і цяпер пытанні добраўпарадкавання вырашае таварыства, - растлумачыў Вадзяніцкі. - Рашэнне аб правядзенні суботніка 27 кастрычніка прынята на сходзе праўлення ТУ, куды ўваходзяць дзевяць чалавек.

Грошы жыхароў плануюць выдаткаваць на закупку інвентара для ўборкі снегу.

- Калі мы хацім мець чыстыя пад'езды, прыгожыя двары, то трэба аб'ядноўваць намаганні. Не можаш выйсці на суботнік - дапамажы матэрыяльна, - тлумачыць сваю пазіцыю старшыня ТУ. - Пара ўсведамляць, што такое сумеснае домаўладанне і пазбаўляцца ад абыякавасці, горшай з якасцей.

Па пытанні камунальных пазык Юрый Вадзяніцкі растлумачыў, што ніхто адбіраць кватэры не збіраецца (магчыма, выказаў меркаванне ён, людзі няправільна зразумелі аб'яву). Тым не менш таварыства займае тут настойлівую пазіцыю і будзе нагадваць неплацельшчыкам аб іх абавязках розных законнымі спосабамі.

Апошнія навіны