Генпракуратура жадае ўзаконіць канфіскацыю аўто
- 26.10.2012, 15:38
Генеральная пракуратура Беларусі рыхтуе прапанову па канфіскацыі аўтамабіляў у нецвярозых кіроўцаў.
Пра гэта БелТА паведаміў генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк, які праводзіў сёння прыём грамадзян па асабістых пытаннях у СТАА «Марка» у Віцебску.
Па словах Аляксандра Канюка, пракуратура, МУС, Міністэрства юстыцыі і яшчэ шэраг органаў ужо даўно ініцыявалі пытанне ўзмацнення жорсткасці пакарання нецвярозых кіроўцаў.
«Адбылася першая нарада, дзе распрацоўвалася ўнясенне пэўных змен у законы - адміністрацыйны і крымінальны. У прыватнасці, мы рыхтуем прапанову па канфіскацыі аўтамабіляў, прапануем узмацніць адказнасць у плане павелічэння тэрмінаў зняволення ў выпадках, калі па віне п'янага кіроўцы загінулі людзі», - сказаў генеральны пракурор.
Паводле яго слоў, рабочай камісіі пастаўлена задача ўнесці канкрэтныя прапановы да пачатку лістапада, а потым пачнецца заканадаўчы працэс.