Еўрапарламент не прызнаў лукашэнкаўскія «выбары»
- 26.10.2012, 16:02
На думку еўрадэпутатаў, беларускія ўлады ігнаруюць заклікі міжнароднай супольнасці.
Еўрапарламент не прызнае новы склад «парламента» Беларусі, гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай дэпутатамі Еўрапарламента на пленарнай сесіі ў пятніцу ў Страсбургу, паведаміў РІА Новости прадстаўнік парламенцкай прэс-службы. «Дэпутаты падкрэслілі, што паколькі беларускаму «парламенту» не хапае дэмакратычнай легітымнасці, Еўрапейскі парламент не прызнае яго», - сказаў суразмоўца агенцтва.
Паводле яго слоў, дэпутаты заявілі аб падтрымцы прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці і апазіцыі, а таксама выказаліся за спрашчэнне і лібералізацыю візавага рэжыму для беларускіх грамадзян. На думку еўрадэпутатаў, беларускія ўлады ігнаруюць заклікі міжнароднай супольнасці, чым ўводзяць краіну ў яшчэ большую ізаляцыю.
Пра гэта, на іх думку, сведчыць той факт, што ў «парламент» Беларусі не было абрана прадстаўнікоў апазіцыі, а таксама тое, што ў краіне застаюцца палітычныя зняволеныя. Беларуска-еўрапейскія адносіны абвастрыліся ў канцы лютага 2012 года, калі Еўразвяз, які заяўляе аб парушэннях праў чалавека ў Беларусі, пашырыў санкцыі ў дачыненні да беларускіх улад, а Менск у адказ на гэта рэкамендаваў амбасадарам Польшчы і ЕЗ пакінуць краіну «для кансультацый».
Еўразвяз адклікаў усіх амбасадараў краін ЕЗ, акрэдытаваных у Беларусі, а ў канцы сакавіка яшчэ раз пашырыў спіс беларускіх чыноўнікаў і кампаній, якія падпадаюць пад санкцыі. Тады ў «чорны спіс» былі ўключаны яшчэ 12 грамадзян Беларусі і 29 кампаній, якія, на думку ЕЗ, датычныя да парушэнняў праў чалавека ў краіне.
На сённяшні дзень у санкцыйным спісе ЕЗ значацца 243 грамадзяніна Беларусі і 32 кампаніі, якім забаронены ўезд у ЕЗ і чые актывы ў Еўропе замарожаныя. У жніўні, пасля высылкі з Менска амбасадара Швецыі, напружанасць у адносінах ЕЗ і Беларусі дасягнула новага ўзроўню. ЕЗ таксама падвергнуў крытыцы і нядаўнія «парламенцкія выбары» у Беларусі, якія, на думку Брусэля, не адпавядалі міжнародным дэмакратычным стандартам.