BE RU EN

«Крыштальная ноч» беларускай літаратуры

  • Яўген Афнагель, charter97.org
  • 29.10.2012, 13:56

75 гадоў таму былі забітыя больш за сто беларускіх дзеячоў культуры.

Прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі расстралялі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску ў будынку НКУС. Сярод забітых былі пісьменнікі, паэты, навукоўцы, грамадскія і палітычныя дзеячы, журналісты - Платон Галавач, Міхась Чарот, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Коваль, Валерый Маракоў, Васіль Сташэўскі і многія іншыя. Усяго ў тую ноч былі расстраляныя, па дадзеных гісторыкаў, больш за 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Месцы іх пахаванняў да гэтага часу не вядомыя.

Загад аб расстрэле «ворагаў народа» паступіў з Масквы, ён быў падпісаны Сталіным і Молатавым і ўключаў спіс са 103 імёнаў. У Менску яго дапоўнілі яшчэ некалькімі дзесяткамі чалавек.

У найноўшай гісторыі немагчыма знайсці прыкладаў падобнага масавага знішчэння літаратараў.

Рэпрэсіі ў Беларусі пачаліся задоўга да гэтага, з першых гадоў устанаўлення савецкай улады. Бальшавікі пачалі арышты і расстрэлы адразу пасля заканчэння вайны з Польшчай. Але менавіта з трагічнай ночы ў кастрычніку 1937 года яны набылі сістэмны характар з відавочнай мэтай - канчатковай асіміляцыяй народа і ліквідацыяй беларусаў, як нацыі.

Расправа з інтэлігенцыяй была пачаткам новай хвалі рэпрэсій. Пасля расстрэлу савецкія карныя органы ўзяліся за настаўнікаў, дактароў, навукоўцаў. Да пачатку Другой Сусветнай вайны было рэпрэсавана больш за 2000 праваслаўных і каталіцкіх святароў.

Зразумелыя прычыны, па якіх савецкая карная машына абрынулася на Беларусь. Дастаткова было адносна кароткага перыяду беларусізацыі ў 1920-ыя гады для таго, каб жыхары рэспублікі пачалі ўсведамляць сябе нацыяй са сваёй гісторыяй, традыцыямі і культурай. Відавочна, што ўлады не чакалі такіх наступстваў. Сам працэс беларусізацыі быў задуманы як прыгожая шыльда для беларусаў, якія пасля вайны Рыжскага міру засталіся за заходняй мяжой. Але вынік пераўзышоў усе чаканні: адкрываліся беларускамоўныя школы, выдаваліся падручнікі, кнігі, газеты і часопісы на роднай мове. Мала таго, Чырвоная армія камплектавалася мясцовымі кадрамі, а на кіруючыя пасады прызначаліся ураджэнцы Беларусі.

«Беларускасць» станавілася мэйнстрымам, які ўжо складана было кантраляваць. Яго вынікам магла стаць, як мінімум, аўтаномная палітыка кіраўніцтва БССР, а максімум - рэальная незалежнасць рэспублікі.

Таму ў 1930 годзе беларусізацыя была згорнута.

Аднак дзесяцігоддзе адноснай свабоды культурнага жыцця не прайшло дарма.

Вырасла новае пакаленне беларусаў, выгадаванае на нацыянальнай культуры, хай і з савецкай ідэалогіяй. Рана ці позна яно б дало аб сабе ведаць - пра беларускія паўстанні кожныя 30 гадоў камуністычныя ўлады добра памяталі. Таму і было прынята рашэнне аб «сілавым варыянце», беспрэцэдэнтным нават для іншых савецкіх рэспублік. Нідзе не было такога масавага знішчэння нацыянальнай інтэлігенцыі за такі кароткі прамежак часу. Нават цяпер, праз два-тры пакаленні мы пажынаем плады той ночы.

Камуністычны рэжым стараўся сцерці нават згадку пра магчымасць «іншай» Беларусі - знішчаліся не толькі пісьменнікі і паэты, але і іх творы. Велізарная іх частка так і не дайшла да нашых дзён.

Але памяць аб ахвярах рэпрэсій цалкам знішчыць не ўдалося. У апошнія гады Савецкага Саюза інфармацыя аб злачынствах рэжыму стала каталізатарам вулічных пратэстаў у Беларусі, а абвяшчэнне незалежнасці Беларусі стала лагічным працягам і следствам нацыянальнага адраджэння ў першай палове мінулага стагоддзя.

29 кастрычніка адзначаюць у Беларусі як Дзень памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Яўген Афнагель, charter97.org

Апошнія навіны