Беларусь зноў на парозе валютнага дэфіцыту
- 3.10.2012, 10:15
Скарачэнне паставак расейскай нафты справакуе дэфіцыт валюты ў абменніках.
У чацвёртым квартале пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь скарачаюцца да 4 мільёнаў тон з 5,3 мільёнаў тон у трэцім квартале. Беларускія эксперты звязваюць такі адчувальны ўдар па беларускай эканоміцы з помстай за растваральнікавы бізнес, піша «Завтра твоей страны».
Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў тлумачыць скарачэнне паставак расейскай нафты «перапастаўкай вуглевадароднай сыравіны ў папярэднія перыяды». Аднак эканаміст Леў Марголін звязвае яго з сумніўным экспартам «растваральнікаў» з Беларусі, з-за якога, паводле неафіцыйных ацэнак, страты расейскага бюджэту па 2012 годзе ацэньваюцца ў два мільярды даляраў.
- Такія рэчы Расея і Пуцін не даруюць, - перакананы эканаміст.
Скарачэнне паставак нафты, на яго думку, пакаранне нават не за мінулыя грахі, калі беларускія ўлады скарысталіся дзіркай у заканадаўстве - на днях беларускі бок заблакаваў унесеныя расейскім бокам прапановы ў Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі, якія дазваляюць выключыць на тэрыторыі Мытнага саюза вытворчасць і экспарт растваральнікаў, змазачных матэрыялаў і біядызельнага паліва.
У той жа час, па прагнозах расейскіх аналітыкаў, у сувязі з прыпыненнем у чацвёртым квартале часткі расейскіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў на планавыя працы на рынку будзе адчувацца некаторы недахоп нафтапрадуктаў.
- Пытанне можа быць вырашана такім чынам: Расея захоўвае аб'ёмы нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь, а тая, у сваю чаргу, павялічвае пастаўкі бензіну на расейскі рынак, - адзначае Леў Марголін. - Але, мабыць, усё ж такі ёсць дастаткова важкая прычына, якая не дазваляе гэта зрабіць, і яна не залежыць ад стасункаў гаспадарчых суб'ектаў.
Скарачэнне паставак расейскай нафты негатыўна адаб'ецца на беларускай эканоміцы:
- Пасля страты «курыцы», якая амаль восем месяцаў несла беларусам «залатыя яйкі», скарачэнне паставак нафты (а нафтапрадукты - адзін з асноўных экспартных прадуктаў на Захад) можа сур'ёзна паўплываць на сальда гандлёвага балансу, - прагназуе эксперт.
Палітолаг Валерый Карбалевіч дадае, што наступствы для Беларусі могуць быць вельмі сумнымі яшчэ і таму, што Украіна пачала расследаванне, якое можа скончыцца спыненнем імпарту з Беларусі біядызелю.
- Гаворка ідзе аб павышэнні тарыфаў на беларускія нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ва Украіну, а такіх прадуктаў вельмі шмат. Гэта будзе азначаць скарачэнне даходаў, таму што экспарт нафтапрадуктаў, уключаючы растваральнікі, дае да 40 адсоткаў даходаў усяго экспарту, - адзначае эксперт.
Сальда знешнегандлёвага балансу стане адмоўным, а гэта можа адбіцца на абменным курсе беларускага рубля, таму што з'явіцца дэфіцыт валюты, у тым ліку і ў абменных пунктах - такі прагноз Валерыя Карбалевіча.
Рэспубліканскі бюджэт на 2013 год, як паведаміў журналістам міністр фінансаў Андрэй Харкавец, сфарміраваны з разліку сярэднегадовага курсу 8.950 рублёў за даляр.