Чыноўнікі з Упраўлення справамі Лукашэнкі хочуць iPhone
- 3.10.2012, 11:12
УКБ Упраўлення справамі Лукашэнкі абвясціў тэндэр на закупку iPhone 5.
Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Галоўнае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва» Упраўлення справамі Лукашэнкі запрашае да ўдзелу ў незвычайным конкурсе, піша onliner.by.
Прадметам «дзяржаўнай закупкі» выступае... iPhone 5, які зусім нядаўна выпусціла ў продаж кампанія Apple.
Пакуль УКБ жадае набыць адзін iPhone 5 з аб'ёмам памяці 64 ГБ. Аб'ём закупкі - 13 млн рублёў. Таргі плануюць правесці ў пачатку кастрычніка.
- Вам сапраўды спатрэбіўся iPhone 5? - спыталі журналісты ў спецыялістаў УКБа.
- Так, патрэбен. Адзін, чорнага колеру, - распавялі ў адміністрацыйна-гаспадарчым аддзеле.
Нагадаем, на нядаўняй нарадзе Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне кантралюючым органам пільна сачыць за даходамі і расходамі беларусаў.
«Аўтамабіляў куча, не праштурхнуцца, у асноўным новыя. Пры бедным народзе. Адкуль? Крадуць! Ці не плацяць падаткі», - сказаў кіраўнік.