У Кыргызстане хочуць узяць у заложнікі сваякоў Бакіева
- 3.10.2012, 12:54
Лідэр адной з партый прапанаваў узяць у заложнікі сваякоў былых кіраўнікоў краіны Аскара Акаева і Курманбека Бакіева.
З такой прапановай выступіў лідэр партыі «Асаба» Салмарбек Дыйканаў на мітынгу ў Бішкеку, паведамляе «Народная воля».
Такім чынам, па інфармацыі агенцтва, ён разлічвае дамагчыся выдачы былых прэзідэнтаў, якія пражываюць за мяжой. «Я ведаю, што па нашых законах так нельга, але па цяперашніх звычаях кыргызаў - можна», - заявіў Дыйканаў.
Аскар Акаеў правіў Кыргызстанам з 1991 па 2005 год. Ён быў зрынуты ў выніку «цюльпанавай рэвалюцыі» і пакінуў краіну. Пасля перавароту Акаеў перабраўся ў Маскву, дзе ўладкаваўся выкладчыкам у МДУ. У Кыргызстан ён з тых часоў не вяртаўся.
На радзіме звергнутага прэзідэнта абвінавацілі ў карупцыйных злачынствах. Сярод іншага яму паставілі ў віну вываз з Кыргызстана паўтары тон золата. У 2010 годзе кіргіскія ўлады пазбавілі Акаева статусу былога прэзідэнта і недатыкальнасці, пракуратуры было даручана дамагчыся яго экстрадыцыі.
Курманбек Бакіеў, які змяніў Акаева на пасадзе прэзідэнта пасля «цюльпанавай рэвалюцыі», пратрымаўся на гэтай пасадзе каля пяці гадоў. Ён быў скінуты ў красавіку 2010 года. Тады апазіцыянеры пасля шматгадзіннага штурму захапілі будынак урада. Неўзабаве пасля гэтага Бакіеў пакінуў Кыргызстан. Ён перабраўся ў Беларусь па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі.
Новыя ўлады Кыргызстана абвінавацілі Бакіева ў датычнасці да гібелі людзей, забітых пры штурме дома ўрада (па сцвярджэнні ўлад, указанне прымяніць зброю супраць мяцежнікаў зыходзіла ад яго, а таксама ад яго брата Жаныша, які ўзначальваў Службу дзяржаховы). Яны запатрабавалі ў Беларусі выдаць былога кіраўніка і яго брата, але атрымалі адмову.
У сувязі з гэтым у будынку беларускай амбасады ў Бішкеку былі арганізаваныя акцыі пратэсту. У канцы жніўня адна з такіх акцый перарасла ў беспарадкі: мітынгоўцы закідалі будынак камянямі і разбілі стэнды з аб'явамі. Неўзабаве пасля гэтага каля амбасады з'явіўся кыргызскі праваабаронца Андуруш Тактанасыраў, які паказваў шайтана. Як паведамлялася, праваабаронца кідаўся з боку ў бок, рыкаў і выкрыкваў «Лукашэнка, аддай злачынцаў!»