BE RU EN

Стэфан Эрыксан: Вярнуся, калі сыдзе Лукашэнка

  • 3.10.2012, 14:47

Амбасадар Швецыі, якога выслалі з Беларусі, даў першае інтэрв'ю.

Пасля таго як Стэфан Эрыксан быў вымушаны з'ехаць з Беларусі, ён на працягу некалькіх месяцаў не даваў ніякіх інтэрв'ю і не рабіў заяў пра гэта. 3 кастрычніка на старонках шведскага выдання Aftonbladet дыпламат парушыў маўчанне, перадае «Радыё Свабода».

Эрыксан распавёў, чаму Аляксандр Лукашэнка выставіў яго з краіны. Пры гэтым ён адзначае, што прычына гэтага - усё ж не гісторыя з «плюшавым дэсантам».

Размова з амбасадарам пачалася з анекдота, які ходзіць па беларускіх сацыяльных сетках:

«Што агульнага паміж паміж Беларуссю і Sony? І тое, і іншае зараз павінна абыходзіцца без Эрыксана», - смяецца дыпламат.

З усмешкай Эрыксан распавядае сёння і пра тое, што рашэнне беларускіх улад адмяніць акрэдытацыю заспела яго падчас адпачынку ў лесе пад Вэстэросам, калі ён пайшоў у грыбы.

«Гэта было неяк дзіўна, хоць сказаць, што гэта стала поўнай нечаканасцю - нельга. У Стакгольм паступалі сігналы з Менска, што там незадаволеныя палітычнай лініяй Швецыі і асабіста мной таксама», - кажа дыпламат. Эрыксан упэўнены, што рашэнне прымалася на ўзроўні Лукашэнкі.

Зараз, кажа былы амбасадар, дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Швецыяй не разарваныя. «Шведская амбасада ў Менску ўсё ж ёсць. Яна не закрытая. Аднак актыўнасці ніякай няма», - кажа дыпламат.

Дыпламат тлумачыць сітуацыю трыма прычынамі: «Швецыя даўно праводзіць выразную лінію адносна пытанняў з правамі чалавека і адкрыта гаворыць аб сітуацыі ў Беларусі. Таксама Швецыя - адна з краін, якія найбольш актыўна ўдзельнічаюць у распрацоўцы гэтай палітыкі. Што датычыцца трэцяй прычыны, то гэта я сам».

Паводле слоў дыпламата, ён далёка не заўсёды, «вітаў» дзеянні афіцыйнага Менска. Гэта датычыцца і падзей 19 снежня 2010 года, калі ўлады разагналі мірную дэманстрацыю пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. У той вечар ён сваімі вачыма бачыў, як ляжаў без прытомнасці на асфальце збіты да крыві кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў.

Таксама Эрыксану сігналізавалі і пра тое, што афіцыйны Менск раздражнёны яго вялікай цікавасцю да беларускай мовы і культуры і тым, што ён надае шмат увагі іх вывучэнню.

Што тычыцца акцыі з плюшавымі мішкамі, то Эрыксан не верыць, што яго выставілі з краіны з-за яе.

Сёння Стэфан Эрыксан працягвае займацца пытаннямі праў чалавека і адносін з Беларуссю ў Міністэрстве замежных спраў у Стакгольме.

Нейкіх пазітыўных прыкмет ў беларускай сітуацыі ён не бачыць:

«Выбары 23 верасня не былі свабоднымі і справядлівымі. Таму ніякая апазіцыя ў звычайным сэнсе існаваць не можа. У лепшым выпадку дысідэнты. Рэжым настолькі ўсё кантралюе, што мы нават не можам сабе такога ўявіць. Кожны, хто актыўна выступае супраць, рызыкуе страціць працу або вучобу».

Стэфан Эрыксан спадзяецца, што калі-небудзь вернецца ў Беларусь.

Выданне адзначае, што для таго, каб Стэфан Эрыксан змог вярнуцца ў якасці амбасадара, трэба, каб спачатку сышоў Лукашэнка.

Што тычыцца пытання аб магчымых намаганнях на шляху аднаўлення дыпламатычных адносін паміж Швецыяй і Беларуссю, то дыпламат адказвае на яго так: «Я не магу нічога сказаць пра цяперашнюю сітуацыю».

Апошнія навіны