Гродзенцы выстройваюцца ў чэргі за валютай
- 3.10.2012, 17:26
Гараджане зноў сталі выстройвацца ў чэргі перад валютнымі касамі, спрабуючы купіць ад 20 даляраў да некалькіх тысяч.
Успамінаючы валютны дэфіцыт мінулага года, многія захваляваліся: ці не сутыкнемся мы зноў з адсутнасцю замежных грошай у абменніках і што будзе з курсам беларускага рубля?
Што кажуць у банках
Тое, што гродзенцы сталі больш актыўна купляць валюту, пацвердзілі ў некалькіх буйных банках горада. Напрыклад, у ААТ «Белаграпрамбанк» заўважылі, што насельніцтва ў апошні час купляе валюту ў банка ў два разы часцей, чым прадае. Павышаны попыт з'явіўся прыкладна ў жніўні, прычым менавіта на даляры ЗША. У банку дадалі, што еўра зараз у іх купляюць менш, чым, напрыклад, месяц назад. У ААТ «Беларусбанк» адзначылі, што гродзенцы сталі больш актыўна здзяйсняць валютныя аперацыі - як купляць, так і прадаваць валюту, піша "Вечерний Гродно".
Затое ў ААТ «Белінвестбанк» пракаментавалі сітуацыю так: рынак мяняецца штодня. Напрыклад, у пятніцу насельніцтва здало амаль у пяць разоў больш валюты, чым набыло. Хоць па выніках месяца насельніцтва купіла валюты толькі на 15% больш. Цікава, калі казаць толькі пра даляры ЗША, то людзі купілі на 30% больш даляраў, чым прадалі.
Не менш востра стаіць пытанне і з купляй польскіх злотых, якія ў апошні час стала больш складана знайсці ў абменніках. Як растлумачылі супрацоўнікі банкаў, фізасобы могуць купляць толькі той аб'ём злотых, які здае насельніцтва. «Значыць, гэтай валюты проста сталі менш здаваць», - заключылі банкіры.
Нацбанк: продаж валюты - гэта бізнес
«Сапраўды, апошнім часам даходы насельніцтва істотна выраслі, і беларусы сталі купляць больш валюты, - адзначае начальнік упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка РБ Аляксандр Цімашэнка. - Але якіх-небудзь перадумоў для рэзкай дэстабілізацыі сітуацыі на валютным рынку не існуе».
Паводле яго слоў, для камерцыйных банкаў продаж і купля валюты - гэта бізнес. Таму яны павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб у касах была дастатковая колькасць беларускіх рублёў і замежнай валюты. «Банкі маюць у распараджэнні дастатковую колькасць валютных сродкаў. Калі ў нейкім абменніку замежных грошай няма, значыць, іх не паспелі прывезці», - дадаў спецыяліст.
Эканаміст: галоўнае - спакой
Мы вырашылі даведацца ў спецыяліста, ці ёсць перадумовы для дэвальвацыі? Як адзначыў дырэктар аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка, перадумовы для дэвальвацыі цяпер ёсць і ў еўрапейскім рэгіёне, і ў даляра. У расейскага рубля яна ўжо адбылася. Што ж датычыцца беларускага рубля, то, па запэўненні эксперта, у нашай краіне дэвальвацыя вельмі выгадная экспарцёрам, такім як нафтаперапрацоўчыя кампаніі, калійны камбінат, аўтамабільны і трактарны завод.
«Калі казаць пра аб'ектыўныя прычыны, устойлівасць любой валюты залежыць ад суадносін экспарту і імпарту, - адзначае Леанід Заіка. - У нас у першай палове года было станоўчае сальда гандлёвага балансу, гэта значыць прыкладна на 1,5 мільярда даляраў экспарт перавышаў імпарт, таму сітуацыя была больш стабільнай. У другой палове года Расея абмежавала паступленне нафты і нафтавай сыравіны, і баланс экспарту/імпарту паступова становіцца адмоўным. Беларускі рубель знаходзіцца ў больш адчувальнай зоне». Падводзячы вынік, эксперт назваў і трэцюю прычыну: «Калі мы будзем павышаць ўнутраныя даходы (зарплаты, пенсіі і інш.), то дэвальвацыя будзе. Да канца года яна можа скласці 3-5%».
Тым не менш эканаміст дадаў: «Калі людзі пачнуць бегаць па абменніках і ліхаманкава скупляць замежныя грошы, даляр да канца года можа каштаваць і 10 тысяч рублёў».