Раман Бяссмертны: Украіна ніколі не ўступіць у МС
- 30.10.2012, 10:31
Украіна ніколі не стане часткай Мытнага саюза Расеі, Беларусі і Казахстана.
Пра гэта заявіў былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны, перадае БелаПАН.
Паводле яго слоў, для гэтага няма ні эканамічных, ні палітычных перадумоў. «Уступлення Украіны ў Мытны саюз не было, няма і ніколі не будзе па той простай прычыне, што ў эканамічным плане Мытны саюз Украіне нявыгадны. Адназначна нявыгадны», - сказаў Бяссмертны.
«Януковіч, як прагматычны чалавек, разумее, што эканамічнае супрацоўніцтва, кааперацыю трэба ўсяляк падтрымліваць, таму што Украіна мае на сваёй тэрыторыі лахманы савецкага ваенна-прамысловага комплексу, нікому не патрэбныя часткі самалётабудаўнічай, караблебудаўнічай і прыборабудаўнічай савецкіх вытворчасцей. Я іх называю лахманамі, таму што яны патрэбныя былі толькі савецкай сістэме. Яны сёння неканкурэнтаздольныя, але ў нас існуе маса працоўных рук, якія можна ўладкаваць толькі на гэтых прадпрыемствах. Таму нейкую працу ў гэтым плане трэба рабіць», - разважае Бяссмертны.
Сярод гэтых прадпрыемстваў, лічыць былы амбасадар Украіны ў Беларусі, «ёсць нейкія пробліскі». «Напрыклад, сфера касманаўтыкі і ракетабудавання. Зразумела, у такіх прадпрыемствах зацікаўлены і Украіна, і Беларусь, і Казахстан. У гэтым плане можна супрацоўнічаць, таму што гэта канкурэнтаздольныя прадпрыемствы, гэта працоўныя месцы, гэта падаткі, гэта сацыяльная сфера. Але не шляхам ўступлення ў Мытны саюз», - лічыць Бяссмертны.
«Што тычыцца прагматычнага падыходу, то прэзідэнт і ўрад працуюць над тым, каб адрадзіць гэтую кааперацыю, або стварыць новую», - адзначыў Бяссмертны.
На яго думку, у палітычным плане «Януковіч даўным-даўно для расейскіх лідэраў з'яўляецца здраднікам». «Я нідзе ніколі не чуў, ні ў персанальных размовах з Януковічам, або з публічных яго прамоў, што ён з'яўляецца правадніком Украіны ў Мытны саюз», - сказаў Бяссмертны.