3 сутак і канфіскацыя сцяга
- 30.10.2012, 10:49
Актывістку Станіславу Гусакову прызналі вінаватай ва ўдзеле ў нібыта несанкцыянаванай акцыі і выкарыстанні незарэгістраванай сімволікі.
Суд пастанавіў канфіскаваць у яе бел-чырвона-белы сцяг, перадае «Радыё Свабода».
Гусакова была затрыманая міліцыяй у суботу пасля акцыі па ўвекавечанні памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.
Станіславе Гусаковай з Віцебска прыйдзецца адбываць яшчэ суткі ў Свіслацкім ізалятары часовага ўтрымання, бо двое сутак у часовым ізалятары яна ўжо адбыла. Гусакова заявіла, што пасля адбыцця пакарання будзе абскарджваць рашэнне суда і дамагацца, каб ёй вярнулі канфіскаваны сцяг.
Нагадаем, 27 кастрычніка на пад Свіслаччу адбылася традыцыйная акцыя ўшанавання памяці братоў Віктара і Кастуся Каліноўскіх. У ёй прынялі ўдзел больш за 30 чалавек. Міліцыянты затрымалі чатырох чалавек - Алеся Крата, Станіславу Гусакову, Вітольда Ашурака і Віталя Лапасава. Апошняга адпусцілі (з ім быў непаўнагадовы сын), а астатнія затрыманыя выходныя правялі ў мясцовым РАУС. На іх былі складзеныя пратаколы за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» і выкарыстанні «незарэгістраванай сымболікі».