Лаўроў назваў адносіны Беларусі і ЕЗ «перакошанымі»
- 30.10.2012, 10:51
Расея выступае супраць палітызацыі і прымянення «падвойных стандартаў» у галіне праў чалавека.
«Тут існуе нямала перакосаў, і мы будзем працягваць шукаць падыходы да вырашэння праблем, якія ўзнікаюць і не дапускаць (іх) палітызацыі», - сказаў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў у аўторак на адкрыцці пасяджэння сумеснай калегіі міністэрстваў замежных спраў Расеі і Беларусі.
«Тут «падвойных стандартаў» быць не павінна», - падкрэсліў Лаўроў, паведамляе «Інтэрфакс-Захад».
Ён таксама выказаўся супраць «навязвання» звонку аднабаковых падыходаў да праваабарончай тэматыкі.
Са свайго боку, кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей выказаў заклапочанасць выпадамі Захаду ў адрас Беларусі, у сувязі са становішчам з правамі чалавека.
«Лічым, што тут у нас вялікае поле для сумеснай дзейнасці», - сказаў ён на адкрыцці калегіі.
Абодва міністра таксама выказалі занепакоенасць у сувязі са спробамі іншых краін фальсіфікаваць гісторыю.