Асфальтам па снезе (Фота)
- 30.10.2012, 15:27
У Брэсце дарожныя службы кладуць асфальт у самы разгар снегападу.
У апошнія кастрычніцкія выходныя ўся Беларусь ва ўладзе снежнай стыхіі, прычым месцамі мяцеліца сур'ёзна ўскладняла жыццё як аўтамабілістам, так і звычайным грамадзянам.
Аднак, як паведамляе карэспандэнт charter97.org, непагадзь ніяк не паўплывала на планы дарожных службаў у Брэсце, якія вырашылі ў разгар снегападу працягнуць добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі ў Паўночным гарадку, што ўключала і ўкладку асфальту.
Між тым, ажыццяўляць гэтыя работы ў такое надвор'е забаронена, паколькі, кіруючыся Будаўнічымі нормамі і правіламі (БНіП), «кладку гарачых і халодных сумесей варта ажыццяўляць вясной і летам пры тэмпературы навакольнага паветра не ніжэй за 5 градусаў, а восенню - не ніжэй за 10 градусаў» . І рабіць гэта можна толькі тады, калі ўстанавілася сухое надвор'е.
БНіП дазваляе ўкладваць асфальт і пры тэмпературы не ніжэй за мінус 10 градусаў па Цэльсію, але гаворка ідзе пра цёплыя сумесі (тэмпература асфальтавага пакрыцця дасягае 120 градусаў) і пра тое, што ніхто не стане класці асфальт проста ў лужыны. А ў Брэсце, як можна пераканацца на фотаздымках, адбывалася менавіта так.
Цікава, што ў гэтыя ж дні прэс-служба дэпартамента «Белаўтадар» Міністэрства транспарту і камунікацый распаўсюдзіла паведамленне, з якога вынікае, што кіраўніцтва дэпартамента заклапочанае штогадовым павелічэннем недарэмантаваных участкаў дарог, што выклікана недастатковым аб'ёмам бюджэтных рэсурсаў, што выдзяляюцца на дарожную дзейнасць. Так, за апошнія тры гады ў Беларусі фізічныя аб'ёмы работ па капітальным рамонце скараціліся ў 15 разоў і ў два разы - па бягучым. Аднак чым класці асфальт у снегапад, лепш не выконваць гэтую працу зусім.