Віктар Івашкевіч: Лукашэнкаўскую прыватызацыю новая ўлада не прызнае і перагледзіць
- 5.10.2012, 16:26
Таемная прыватызацыя - гэта распродаж супраць волі і інтарэсаў беларускага народа, лічыць палітык.
Адзін з лідэраў беларускай апазіцыі Віктар Івашкевіч пракаментаваў сайту charter97.org закрытую прыватызацыю важных аб'ектаў беларускай прамысловасці.
«Адзіная магчымасць змагацца з распродажам нацыянальнага багацця - публічна заявіць, што любое прыватызаванае прадпрыемства, пачынаючы з 19 снежня 2010 года і да прыходу дэмакратычнай улады, новая ўлада не прызнае і перагледзіць. Іншыя магчымасці перашкодзіць гэтаму складана знайсці, сёння ўлада непадкантрольная і робіць, што хоча», - лічыць палітык.
«Чаму менавіта пачынаючы з 19 снежня 2010 года? Менавіта ў гэты дзень рэжым страціў не толькі юрыдычную, міжнародную легітымнасьць, але ён і не атрымаў даверу народа, супраць яго прагаласавала большасць беларусаў. Таксама да апошніх прэзідэнцкіх выбараў прыватызацыя ў Беларусі была невялікай», - адзначыў Віктар Івашкевіч.
«Многія дэмакратычныя сілы падтрымліваюць прыватызацыю, але празрыстую і адкрытую. Прадаваць прадпрыемствы трэба інвестарам, якія найбольш эфектыўна выкарыстоўваюць беларускую ўласнасць, і якія забяспечаць сацыяльныя гарантыі рабочым на гэтых прадпрыемствах», - падкрэсліў палітык.
«А пры скрытнай прыватызацыі, якую збіраецца правесці Лукашэнка, рэжым будзе прадаваць беларускую ўласнасць сам сабе па заніжаных коштах або жа сваім партнёрам, таксама на льготных умовах. Гэта будзе распродаж супраць волі і інтарэсаў беларускага народа», - сказаў Віктар Івашкевіч.
«Пасля прыходу дэмакратычнай улады будзе створана незалежная камісія, якая разгледзіць кожны выпадак прыватызацыі беларускай уласнасці: якія на тое былі прычыны, на якіх умовах адбылася прыватызацыя. Будуць падключаны прадстаўнікі саюзаў прадпрымальнікаў, прафсаюзаў і дэпутаты. І пад іх кантролем будзе праходзіць праверка», - упэўнены палітык.
Нагадаем, 5 кастрычніка кіраўніцтва Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) заявіла, што пасля «парламенцкіх выбараў» улады Беларусі рыхтуюць закрытую прыватызацыю буйных прадпрыемстваў.
Старшыня партыі Анатоль Лябедзька адзначыў, што да яго паступілі сігналы аб тым, што рыхтуецца прыватызацыя на ўмовах Лукашэнкі важных аб'ектаў беларускай прамысловасці і нацыянальнага багацця - так званая «сейфавая прыватызацыя».