Дыктатар просіцца ў СГА
- 8.10.2012, 10:22
Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці краіны ўступіць у СГА, чаму, аднак, «перашкаджаюць ЕЗ і ЗША».
«Мы ўжо даўно сабраліся ўступаць у СГА, правялі перамовы. Але натыкнуліся на палітычны плот», - сказаў Лукашэнка ў інтэрв'ю міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мир», піша «Інтэрфакс».
«Нам кажуць, што гэта чыста гандлёвая, эканамічная арганізацыя. Нічога падобнага, палітыка тут пераважае. І палітычны плот гэты выбудавалі перад намі Еўразвяз і ЗША па вядомых вам прычынах: у нас няма праў чалавека, у нас апошні аплот дыктатуры і г.д», - адзначыў беларускі кіраўнік.
Разам з тым ён сказаў, што «час ідзе, людзі бачаць, што адбываецца, і таму і мы калісьці ўступім у СГА». «Тым больш, што такая вострая актуальнасць і неабходнасць пасля ўступлення Расеі ў СГА ў прынцыпе знікла. Мы будзем працаваць фактычна ў рамках СГА, маючы на ўвазе, што Расея - наш асноўны гандлёвы партнёр», - заявіў Лукашэнка. «Мы паступова прывыкнем да нормаў Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Ад гэтага нам нікуды не падзецца, мы не можам адгарадзіцца ад усяго свету, маючы экспартаарыентаваную эканоміку. Нам рана ці позна прыдзецца ўступіць у СГА», - адзначыў кіраўнік.