BE RU EN

Гатэлі Менска да дэвальвацыі гатовыя

  • 8.10.2012, 11:06

Дэвальвацыйныя чаканні ў Беларусі застаюцца на высокім узроўні.

На мінулым тыдні ваганні на валютным рынку Беларусі прыкметна ўзмацніліся. Даляр каштаваў (па афіцыйным курсе) тыдзень таму 8500 рублёў, затым 8410, потым 8520 і ў пятніцу спыніўся на адзнацы 8570 рублёў. Высокая валацільнасць была ўласцівая і для курса еўра: тыдзень таму афіцыйны курс еўра складаў 10 990, праз дзень - 10 820, затым зноў 10 990 і ў канцы тыдня спыніўся на адзнацы 11 140 рублёў.

Ваганні курсавых значэнняў не прайшлі незаўважна для карпаратыўнага сектара. У першай палове дня ў пятніцу, 5 кастрычніка, гасцініца Crowne Plaza Minsk апавясціла сваіх кліентаў па пошце «аб новым абменным курсе еўра, які будзе ўжывацца для паслуг пражывання, арэнды канферэнц-залаў і сняданкаў».

«Новы абменны курс складзе 1 EUR = 12 000 BYR. Новы курс будзе прымяняцца для арэнды канферэнц-залаў з 8 кастрычніка 2012г, для сняданкаў - з 15 кастрычніка 2012 г.», - гаварылася ў паведамленні гасцініцы, тэкстам якога валодае БелаПАН.

Паказальна, што, пачынаючы з канца студзеня ўнутраны курс еўра гасцініца не мяняла і пакідала яго на адзнацы 11 000 рублёў. Менеджэры гасцініцы растлумачылі, што змена ўнутранага курсу звязана «з павышэннем агульнага ўзроўню курса па Нацбанку».

Крок, на які збіралася пайсці пяцізоркавая гасцініца, мог стаць прэцэдэнтам таго, што карпаратыўны сектар пачынае ўстанаўліваць унутраны курс, які істотна перавышае ўзровень афіцыйнага. Аднак, гасцініца Crowne Plaza Minsk усё ж такі... адмовілася павышаць унутраны курс. Пасля таго як запыт карэспандэнта аб атрыманні афіцыйнага каментара з нагоды змены ўнутранага курсу быў перададзены кіраўніцтву гасцініцы, кліенты атрымалі яшчэ адзін ліст ад адміністрацыі Crowne Plaza Minsk.

«Просім Вас праігнараваць наша папярэдняе электроннае паведамленне аб павелічэнні абменнага курса. Наш унутраны абменны курс застаецца ранейшым 1 EUR = 11 000 BYR», - гаварылася ў лісце, які кліенты гасцініцы атрымалі ўвечары 5 кастрычніка.

Гэтая гісторыя са зменай унутранага курсу можа сведчыць пра тое, што ў некаторых прадстаўнікоў бізнесу існуюць пэўныя дэвальвацыйныя чаканні, з прычыны якіх яны могуць змяняць унутраны курс пераліку беларускіх рублёў у замежную валюту.

Апошнія навіны